"Вірус КДБ" пірацкі і зроблены нелегальна

Актывісту Максіму Чарняўскаму "куратар" са спецслужб перадаў вірус, які той мусіў усталяваць на кампутары актывістаў "Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі". На сайце "Хартыя'97" быў праведзены аналіз віруса. Еўрарадыё звярнулася да яго распрацоўшчыкаў — расійскай кампаніі TeknotIT. Там пра скандал са спецслужбамі ведаюць.


Кампанія TeknotIT тлумачыць, што "вірус" з'яўляецца нелегальнай зборкай праграмы "Remote Manipulator System".


"Увесь час нам даводзіцца сутыкацца з тым, што людзі робяць свае зборкі і выкарыстоўваць у не вельмі добрых мэтах", — гаворыць супрацоўнік кампаніі.


Праграма прызначаная для працы з працоўным сталом на аддаленым кампутары. Напрыклад, адміністратар можа наладзіць офісны кампутар з дома. Але яна зробленая такім чынам, каб яе нельга было ўсталяваць без карыстальніка кампутара. Тое, што перадалі спецслужбы актывісту, у кампаніі TeknotIT ацэньваюць як мадыфікаваную зборку праграмы, замаскіраваную пад Skype.


"У нас у самім кодзе праграмы прынятыя меры, каб ".ехе" файл нельга было перайменаваць. Таму яе лёгка можна заўважыць. Мы спецыяльна гэта зрабілі, каб яе не выкарыстоўвалі таемна. Ну а там умельцы ўжо, як змаглі, зрабілі зборку, проста каб яна ўсталёўвалася таемна", — каментуе супрацоўнік кампаніі.


Але нават версія ад КДБ не можа ўсталявацца на кампутар сама. Нехта павінен скапіраваць яе і запусціць файл усталёўкі праграмы. Часцей гэта адбываецца так: чалавеку прапануюць усталяваць так званы вірус пад выглядам Skype.


"Яна сама не запускаецца, усё пабудавана на тым, што людзей уводзяць у зман. Чалавеку дасылаюць Skype, ён яго запускае. Насамрэч стварыць такі ўсталёўшчык, які ціха інсталюе і запускае ўсё што заўгодна,  — справа на паўгадзіны. Уласна, як яны і зрабілі".


Пасля таго, як падмануты карыстальнік запускае Skype, пераробленая версія праграмы працуе наступным чынам: запісваецца на кампутар, запускаецца, дасылае пароль і ID кампутара на прапісаны ў зборцы адрас электроннай пошты. Усё гэта адбываецца незаўважна для карыстальніка.


У легальным варыянце праграмы ўсё гэта адбываецца адкрыта. Бухгалтар прадпрыемства сумленна запускае файл, пацвярджае ўсталёўку праграмы, генерацыю пароля і ID кампутара. Дыстанцыйна інсталяваць праграму праз інтэрнэт не магчыма.


Як даведалася Еўрарадыё, калі спецслужбы сапраўды зрабілі сваю версію праграмы, то гэта незаконна. Праграма бясплатная толькі для прыватнага карыстання. Яе забаронена выкарыстоўваць у дзяржаўных установах без ліцэнзіі.


Еўрарадыё: У вас з беларускіх спецслужб ніхто не купляў праграму?


Прадстаўнік кампаніі TeknotIT: "Не куплялі, натуральна. У нас з Беларусі даўно ніхто нічога не купляў. Праграма бясплатная для хатняга выкарыстання. Для арганізацый платная версія, але абмежаванне толькі юрыдычнае".


Бясплатную версію можна спампаваць з інтэрнэта, камерцыйную трэба набываць. Яны амаль нічым не адрозніваюцца. Але арганізацыі паводле закону не маюць права карыстацца бясплатнай версіяй.


Адна ліцэнзія на праграму каштуе 750 расійскіх рублёў (214 тысяч беларускіх) за кожны кампутар.


На сайце "Хартыі'97" падрабязна напісаны алгарытм, як вылічыць, ці ёсць пірацкая праграма ў вашым кампутары, і выдаліць яе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі