Уладзімір Някляеў "атаварыў" пражытковы мінімум на рынку за 20 хвілін(фота)

Уладзімір Някляеў разам з жонкай і актывістамі “Гавары праўду” наведаў Чэрвеньскі рынак, каб купіць прадуктаў і падлічыць, на што цяпер хапае пражытковага мінімуму. Кампанію яму склалі невядомыя людзі ў цывільным.

Бюджэт пражытковага мінімуму – 343 тысячы. Столькі ж узяў з сабой экс-кандыдат у прэзідэнты. Па падліках урада, на ежу за месяц патрэбна 295 тысяч рублёў.


Адразу на ўваходзе з Някляевым вырашыў паспрачацца начальнік аховы рынка.


Ахова рынка: “Я начальнік аховы. Нельга фатаграфаваць на рынку”.


Някляеў: “Я вас прашу прынесці дакумент, па якім нельга купляць на рынку прадукты і фатаграфаваць іх. Адзінае, аб чым я прашу”.

Зрэшты дакумент так і не пабачылі ні Някляеў, ні журналісты. Спачатку экс-кандыдат у прэзідэнты накіраваўся ў мясную лаўку. Тут ён набыў паўпалкі каўбасы за 27 тысяч, 600 грамаў грудзінкі за 20 тысяч і паўкіло паляндвіцы за 21 тысячу рублёў.

Адзін з людзей у цывільным усіх здымаў на камеру. Дарэчы, да яго ў адміністрацыі рынка не было ніякіх прэтэнзій.
Пасля мясной Уладзімір Някляеў зайшоў ў малочную лаўку. Тут у кошык патрапіла 500 грамаў сыра за 10 тысяч і тварог, за які давялося заплаціць амаль восем тысяч.

Далей палітык прайшоўся па шэрагах з гароднінай. Памідоры і агуркі агулам пацягнулі на 36 тысяч. Бульба каштавала 18 тысяч за 5 кілаграмаў. Поруч у кошыку апынуліся яблыкі, радыс, зеляніна. Так, з 343 тысяч у Някляева засталося толькі 120. Гэтай рэшты, можа быць, хопіць на пару дзён, давёў ён.

Лідар “Гавары праўду” спрабаваў пагаварыць з гандлярамі, але тыя пад пільным наглядам асобаў у цывільным былі нешматслоўныя.


Някляеў:“Запалохалі людзей. Я хацеў пагаварыць пра лёс рынку, які ідзе пад знос. Але мне не далі гэта зрабіць. Гэта 1300 працоўных месцаў і людзі, якія карыстаюцца гэтым рынкам. Гэта канфліктная сітуацыя.Але размова не адбылася, бо колькі пакупнікоў, столькі пры іх людзей, якія па разуменні ўлады за людзьмі наглядаюць”.

 
Зрэшты, адна прадавачка паскардзілася, што рынак зачыняюць. Маўляў, можа, пасля прыходу палітыка рынак і не зачыняць, а можа, наадварот адразу зачыняць.


Някляеў жа быў уражаны коштамі. Да турмы яны былі не такія вялікія, паскардзіўся ён.


Някляеў: “Па сутнасці, з ўсяго, а тут каўбаса, рыба, сыр, тварог, астатняе – бульба морква, капуста. Як не лічы, як не намагайся захаваць фігуру, месяц за гэта пражыць немагчыма”.


Сума гэтага пражытковага мінімуму – адно з пытанняў, якое “Гавары праўду” хоча задаць уладзе. Агулам, такіх пытанняў актывісты налічылі сотню.


Някляеў: “Гэта пачатак нашага праекта “100 пытанняў да ўлады”. Мы ствараем праблемную мапу Беларусі, вызначаем праблемы ў рэгіёнах. Вызначаем найбольш праблемныя кропкі жыцця людзей. Мы як займаліся сацыяльнымі праблемамі, так і будзем імі займацца”.


Аднак сацыяльныя праблемы Някляеў звязвае з палітычнымі праблемамі. Гэта “Гавары праўду” і будзе тлумачыць людзям.


Някляеў: “Мы хочам, каб у людзей у галовах звязалася адно з адным. Праблема палітзняволеных, праблема палітычных рашэнняў і праблема коштаў на рынку, адсутнасць долараў – звязаныя праблемы. Гэта адна агульная праблема”.


Што да прысутнасці невядомых ахоўнікаў, то палітык на іх рэагаваў спакойна. Маўляў, праца ў іх такая. Пасля палітык склаў прадукты ў машыну і з’ехаў з рынка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі