У Венесуэле адбыўся выбух на нафтавым заводзе, 19 чалавек загінула

Інцыдэнт адбыўся раннім ранкам у суботу 25 жніўня на тэрыторыі завода, размешчанага на паўвыспе Парагуана каля партовага гораду Амуай на поўначы краіны, інфармуе ВВС. Дзяржаўнае тэлебачанне паказала кадры, на якіх бачныя клубы чорнага дыму, якія ўздымаюцца над заводам.

Паводле міністра энергетыкі Венесуэлы Рафаэля Рамірэса, прычынай выбуху стала ўцечка газу, ад якой пацярпелі і некалькі размешчаных паблізу дамоў. Гэта быў моцны выбух, які нанёс значныя пашкоджанні інфраструктуры і дамам. Пры гэтым мясцовыя ўлады запэўніваюць, што пагрозы далейшых выбухаў няма.

Сярод загінулых было 10-гадовае дзіця. На месцы катастрофы працуюць ратавальнікі. Пажар лакалізаваны, аднак яшчэ не патушаны цалкам.

НПЗ “Амуай” належыць нацыянальнай нафтавай кампаніі Petroleos de Venezuela SA. Ён з’яўляецца часткай найбуйнейшага нафтаперапрацоўчага комплексу “Парагуана”, які ў сваю чаргу займае другое месца ў свеце паводле аб’ёмаў вытворчасці.

У Венесуэлу апошнім часам даволі часта едуць працаваць беларускія будаўнікі, якія займаюцца ў тым ліку ўзвядзеннем інфраструктуры. Невядома пакуль, ці ёсць сярод пацярпелых нашы суграмадзяне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі