У Варшаве параўналі польскую і беларускую апазіцыю

"Сустрэча дапамагла мне зразумець тое, на што зрабіць акцэнт. Чалавек беларускамоўны павінен быць адукаваны і лепшы, каб за намі сапраўды цягнуліся. Трэба шукаць шляхі вырашэння праблемы, каб гэта знайсці, трэба толькі ўдасканальваць сябе — займацца адукацыяй", — распавядае Еўрарадыё навучэнец ліцэя імя Якуба Коласа.

На сустрэчы ў Клубе каталіцкай інтэлігенцыі сабралася шмат моладзі, навучэнцаў ліцэя. Маналогі экспертаў моладзь трошкі разбаўляе пытаннямі. Але на самае папулярнае — што рабіць? — ад дарослых атрымоўвае стары як свет, адказ — вучыцца.

Але большая частка зводзіцца да выступаў экспертаў, тут яўна не хапае дыскусіі. Праўда, гучаць цікавыя і нават нечакана новыя меркаванні.

"Наша апазіцыя ў 80-х: там былі вельмі розныя людзі з рознымі поглядамі, але мелі адну мэту — змену палітычнай сістэмы ў Польшчы. Сённяшнюю апазіцыю беларускую нельга параўнаць з польскай. Яна вельмі раздзеленая, мае розныя інтарэсы. Мне здаецца, што тая мэта — змена рэжыму, часта толькі дэкларацыя. На самой справе думаю, што ўлады дапамагаюць падтрымліваюць падзел беларускай апазіцыі",Войцэх Кананьчук, дырэктар адзела па справах Беларусі, Украіны і Малдовы Інстытута ўсходнееўрапейскіх даследаванняў параўноўвае беларускую апазіцыю з польскай.

На думку Кананьчука, калі б Беларусь паставіла сабе за мэту збліжэнне з ЕС, то мела б на гэта больш шанцаў, чым Украіна. Бо не мае такога падзелу ў грамадстве, розніцы паміж рэгіёнамі і мае меншае па колькасці насельніцтва.

Генрык Вуец, дарадца прэзідэнта Польшчы, адзін з дзеячаў "Салідарнасці", дзякуе беларусам за нечаканы распад Савецкага саюза. І распавядае пра заклікі польскай дыяспары — яны вельмі нагадваюць каментарыі цяперашніх беларусаў, якія жывуць за мяжой.

"Польская дыяспара за мяжой прызывала нас, каб мы не шкадавалі крыві ў змаганні за незалежнасць. Яны былі там, а нас заклікалі не шкадаваць крыві. Але мы, Салідарнасць, выбралі свой шлях. Не рабілі ўзброенага паўстання і змагаліся без гвалту. Яны з намі змагаліся са зброяй, мы — не".


Беларускія выступоўцы, нібыта знаходзячы апраўданне, адзначаюць, што ў адрозненні ад Польшчы, Беларусь не мае свайго Папы Рымскага, моцнага лобі ў ЗША і незалежнай царквы.


"Усе змены, якія наступалі, адбываліся, калі не хапала хлеба. Важна, каб вы разумелі, што змены наступяць, калі крызіс паглыбіцца", — кажа каардынатар беларускага праекту Клуба каталіцкай інтэлігенцыі Марэк Келяноўскі.

Ну, а пакуль працаваць над сабой.


У дыскусіі на тэму “Сучасная Беларусь і вопыт Польшчы” таксама ўдзельнічалі перакладчык , адзін з пачынальнікаў БНФ Лявон Баршчэўскі, дырэктар незалежнага ліцэя імя Якуба Коласа Уладзімір Колас, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, гісторык Валянцін Голубеў, дырэктар Еўрарадыё Дзмітрый Новікаў.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі