У Варшаве адзначылі дзень нараджэння героя антысавецкага супраціву (фота)

У дзень яго нараджэння пад адкрытым небам быў арганізаваны прагляд фільма “Як пошуг маланкі”, які распавядае пра жыццё Лапіцкага. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы запалілі знічы ў памяць пра яго каля помніка палякам, якія загінулі ў Варшаўскім паўстанні.

“Беларуская Нацыянальная Памяць” спадзяецца, што 1 верасня стане традыцыйным днём, калі  беларусы будуць запальваць у гонар Расціслава Лапіцкага знічы, паходні і вогнішчы.

Таксама мерапрыемствы ў памяць аб Лапіцкім прайшлі ў Гданьску і Беластоку.

Нагадаем, што ў 1948-1949 гадах у Смаргонскім і Мядзельскім раёнах з навучэнскай моладзі Расціслаў Лапіцкі стварыў антыкамуністычную падпольную арганізацыю, якая выдавала антысталінскія лістоўкі. Пасля раскрыцця арганізацыі яе сябры, у тым ліку і непаўналетнія, сталі вязнямі ГУЛАГу, а Расціслава Лапіцкага расстралялі. Падпісаць просьбу аб памілаванні ён адмовіўся.