У сайта Лукашэнкі з’явіўся хакерскі “двайнік”
Гісторыя з нядаўняй хакерскай атакай на сайт кіраўніка Беларусі атрымала працяг. Цяпер сама хакерская група putinvzrivaetdoma.org адбівае контратаку.
DDoS-атака ідзе з боку “Белтэлекаму”. Але ж адміністратары сайту змянілі А-запіс для дамену putinvzrivaetdoma.org і цяпер контратака беларускіх спецыялістаў фактычна перанакіраваная на сайт Лукашэнкі, паведамляе newsland.ru
Па адрасе праекту “Путин взрывает дома” адчыняецца афіцыйны сайт беларускага лідэра. Зрэшты, сапраўдная старонка Аляксандра Лукашэнкі працуе таксама.
Нагадаем, што 13 чэрвеня хакеры амаль на чатыры гадзіны спаралізавалі працу рэсурса president.gov.by. Увогуле ж група “Путин взрывает дома” праславілася атакамі на болей за 30 сайтаў, у тым ліку партыі “Адзіная Расія” ды шэрагу расійскіх нацыяналістычных рэсурсаў. Атака на сайт Лукашэнкі стала самай гучнай.