У пацярпелых ад тэракту ў метро стакгольмскі сіндром?

Гэта пацвердзілася падчас судовых спрэчак, калі пацярпелая Людміла Жачко выказала сумнеў у доказах, прадстаўленых на судзе.


"Высокі суд, вы разглядаеце вельмі неардынарную справу. Цана пытання вельмі высокая. Я нарадзілася ў гэтай краіне, давяраю ўладзе, ніколі ні ў чым не сумнявалася. Але гэтая канкрэтная сітуацыя ў мяне выклікае вельмі шмат пытанняў. Чаму не выяўлена слядоў выбуховых рэчываў ні на вопратцы, ні на скурных пакровах, нідзе, калі ён быў у некалькіх метрах ад выбуху? Калі вы, Высокі суд, адстойваеце інтарэсы ўсіх пацярпелых і інтарэсы ўсіх людзей нашай дзяржавы, чаму нельга было паглядзець па хадайніцтве адвакатаў яшчэ адзін раз гэты запіс? Мы некуды спяшаемся? Пытанне вельмі сур'ёзнае. Хацелася б выйсці з гэтай залы ў поўнай упэўненасці, што ўсё сапраўды так і толькі гэтыя двое вінаватыя. Спакойна спусціцца ў метро, сесці ў цягнік і паехаць".


Пацярпелы Яўген Хойдым не прысутнічаў на судзе, але таксама негатыўна ўспрыняў прапанаванае пракурорам смяротнае пакаранне для абодвух абвінавачаных.


"Незразумела, што яны пачалі рабіць выбухі з незразумелага ўзросту, калі яшчэ чытаць толкам не ўмелі, і працягвалі дагэтуль. У мяне шмат пытанняў, я спадзяюся, іх задам яшчэ".


Таксама засталіся пытанні ў пацярпелай Таццяны Кацубы.


"Я сачу за сітуацыяй праз інтэрнэт, заўтра паспрабую сабрацца з сіламі і схадзіць туды, каб паглядзець жыўцом. Які сэнс усяго гэтага, калі гэта так? І дзе матыў? Я пакуль што гэтага не пачула".


Пацярпелая Людміла Жачко таксама выказала некалькі пытанняў да таго, як адбывалася следства. Усе эксперыменты праводзіліся тэарэтычна, не было пробных выбухаў на палігоне. А ўсе доказы будуюцца на паказаннях Кавалёва, якія той даў на папярэднім следстве.


"Я пытаюся ў эксперта: "Вы спрабавалі тое, што ён вырабіў на палігоне? Гэта наогул магло падарвацца?". А эксперт мне адказвае, што перад ім не ставілася такая задача. Але пытанне вельмі сур'ёзнае, тут не можа быць тэарэтычных мэтаў або задач. Прэзідэнт сказаў: "Пакажыце гэтых вырадкаў грамадству". Так, я бачу іх твары, але я не ўпэўненая, што за імі ніхто не стаіць".


У чым жа прычыны таго, што нават пацярпелыя не вераць абвінавачанню? Магчыма, гэта нешта падобнае да стакгольмскага сіндрому з беларускімі асаблівасцямі? На думку псіхолага Алены Тузікавай, тут прычына ў агульным недаверы ў грамадстве.


"Я лічу, што гэта агульны ўзровень недаверу да ўсяго, што робяць дзяржаўныя органы".


Псіхолаг параўнала гэтую сітуацыя з сям'ёй: калі муж здрадзіў жонцы адзін раз, то потым яна пастаянна будзе яму не давяраць.


Праваабаронца Людміла Гразнова пагаджаецца з гэтым і лічыць, што пацярпелая Жачко дала шанец следству выправіць недахопы.


"Яна сказала вельмі шмат і дакладна — наконт таго, наколькі недасканалае і бяздоказнае следства. Калі яе прапановы будуць заслуханыя судом і нехта, хто прымае ў нас рашэнні, зразумее, што з такім народам нельга абыходзіцца, як з быдлам, і тут культурныя і інтэлігентныя людзі, то можна выправіць гэтую сітуацыю. Было б нашмат лепей, калі б народ верыў уладзе, а ўлада давярала людзям".

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі