Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава аштрафавалі і вызвалілі

18.40. Суд аштрафаваў апазіцыйных палітыкаў на 350 тысяч рублёў кожнага. Лябедзька, Калякін і Атрошчанкаў вызваленыя.

18.13. Валерый Шчукін будзе знаходзіцца ў пастарунку да раніцы

Праваабаронца быў затрыманы сёння ў аршанскім гарадскім судзе, дзе судзяць Лябедзьку, Калякіна і Атрошчанкава.

Ён сваім целам заблакаваў дзверы на трэці паверх суда (на здымку): лёг на падлогу каля дзвярэй, каб іх не зачынілі. Як паведамляе Радыё Свабода, у гарадскім аддзеле міліцыі паведамілі, што Шчукін затрыманы.

18:00. Міліцыянты сказалі прысутным у будынку суда, што а 18-й гадзіне заканчваецца працоўны дзень, і папрасілі прысутных пакінуць будынак суду. Тым часам судовы працэс на трэцім паверсе працягваецца. Актывісты будуць чакаць на вуліцы, інфармуе Радыё Свабода.

15.40. У судзе абвесцілі кароткі перапынак — Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Аляксандр Атрошчанкаў заявілі хадайніцтва, што ім трэба азнаёміцца з матэрыяламі справы.

15.20. Стала вядома, што пратаколы складзеныя па артыкуле 17.1 Адміністратыўнага кодэксу ("Дробнае хуліганства"), паведамляе Радыё Свабода.

Апазіцыянеры адмовіліся ад ад паслугаў дзяржаўнага адваката. Суддзя заявіла, што суд пройдзе без іх, інфармуе сайт ucpb.org.

***

Еўракамісар: Арышт апазіцыянераў не перашкодзіць улічыць іх погляды

Штэфан Фюле сёння ў Бруселі аб'явіў аб пачатку "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі" з беларускім грамадствам.

Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства асудзіў той факт, што ўлады Беларусі перашкодзілі апазіцыйным беларускім палітыкам Анатолю Лябедзьку, Сяргею Калякіну і Аляксандру Атрошчанкаву прыехаць на сённяшняе мерапрыемства ў Брусель. "Гэта не перашкодзіць нам прыняць да ўвагі і зрабіць неад'емнай часткай дыялогу погляды гэтых людзей. Можаце не сумнявацца, мы ўключым у гэты дыялог усіх, хто мае бачанне лепшай, еўрапейскай будучыні для Беларусі", — запэўніў еўракамісар.

14.45. Некалькі чалавек прапусцілі ў залу паседжання суда. Усіх абшукалі. Верагодна, неўзабаве будзе агучаны прысуд, паведамляе сайт ucpb.org.

13.00 Бацька Атрошчанкава спрабуе трапіць на прыём да старшыні суда, але яму кажуць, што яе няма. Усіх прысутных здымаюць на відэакамэру людзі ў цывільным. 


У будынак суда не пускаюць тых, хто з яго выйшаў. З Мінску прыехала жонка Калякіна, але яе таксама не пускаюць на трэці паверх. Міліцыянты заяўляюць, што пачынаецца абед, і на гэты час усіх з будынку выдаляць.

12.35 Бацьку Атрошчанкава Сяргея не прапусцілі ў залу суда. Яму заявілі, што калі суддзя Наталля Байцова пажадае, то яна яго выкліча. Валер Шчукін сваім целам заблакаваў дзверы на трэці паверх (на здымку): ён лёг на падлогу каля дзвярэй, каб іх не зачынілі.


Сяргей Атрошчанкаў напісаў скаргу ў судовую кнігу скаргаў. Ён пытаецца, чаму суд зрабілі закрытым, чаму яго падманвалі пра месца і час суду, чаму яго, бацьку абвінавачанага, не пускаюць у судовую залу.

12.00 На трэцім паверсе будынка гарадскога суда стаяць міліцыянты і нікога не прапускаюць туды, паведамляе Радыё "Свабода". Туды марна спрабаваў прарвацца вядомы апазіцыянер Валер Шчукін. Яму прыгразілі затрыманнем.

Нагадаем, Аляксандра Атрошчанкава, Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна затрымалі ў Оршы, калі яны ехалі ў Маскву. Апазіцыянераў вінавацяць у дробным хуліганстве.

Фота — ucpb.org, bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі