У офісе Партыі БНФ будуць паказваць фільмы і праходзіць канцэрты

Высяленне Партыі БНФ з офіса на праспекце Машэрава, 8 кіраўніцтва партыі лічыць палітычным. Паводле старшыні Аляксея Янукевіча, першыя папярэджанні аб высяленні з'явіліся адразу пасля пачатку акцыі салідарнасці з затрыманымі 19 снежня.

"Рашэнне палітычнае, якое ўлады даўно рыхтавалі. Аднак кропка, калі было прынятае канчатковае рашэнне, каб нас высяляць, — гэта кампанія салідарнасці, якая тут адбывалася, — мяркуе Янукевіч. — 20 снежня яна распачалася, і калі дасягнула свайго піку, калі тысячы людзей пачалі прыходзіць на Управу — менавіта тады адразу мы атрымалі ліст ад ЖРЭА, што дамова працягнутая з намі не будзе".

На думку Янукевіча, гэта быў сігнал, каб згарнуць кампанію салідарнасці, і тады пытанне з арэндай вырашыцца. Аднак партыйцы параіліся і вырашылі ў кожным разе кампанію працягваць.

"Мы разглядаем гэтую аперацыю па пазбаўленні нас Управы як адзін з крокаў, скіраваных на аслабленне апазіцыі ўвогуле, — кажа намеснік старшыні Ігар Лялькоў. — Мы будзем знаходзіцца тут, каб не прыйшла нейкая жанчына з ЖЭСу і не апячатала пячаткай, і ўсё на гэтым скончыцца. Калі тут будуць людзі, то такая сітуацыя немагчымая".


"Сэнс дзяжурстваў — не дапусціць, каб без прысутнасці кагосьці з Управы улады маглі знайсці лёгкі спосаб пазбавіць нас сядзібы. Фізічнага супраціву мы аказваць не плануем. Аднак яны павінны разумець: калі яны хочуць парушаць закон, яны не змогуць зрабіць гэта ціха. Мы ўвесь час будзем тут. І калі яны захочуць парушыць закон, то ім давядзецца чыніць гвалт над людзьмі і фізічна іх выносіць", — дадае Аляксей Янукевіч.

Партыя плануе прайсці ўсе судовыя інстанцыі, каб абараніць сядзібу, кажа Янукевіч. Іншы офіс ніхто шукаць не збіраецца, паколькі ўсе намаганні скіраваныя на адстойванне старога.

"Мы не шукаем шляхоў адступлення. Мы будзем праз усе інстанцыі судовыя праходзіць. Мы разумеем, што суд у нас не з'яўляецца незалежным, калі прынятае палітычнае рашэнне. Мы зыходзім з таго, што да апошняй інстанцыі суду мы знаходзімся тут легальна".

Таму людзей, якія будуць удзельнічаць у высяленні партыі, будуць прапаноўваць уносіць у чорныя спісы.

"Мы распачынаем ад сёння кругласутачныя дзяжурствы на Управе. Пастаянна тут нехта будзе. Але мы заклікаем нашых партнёраў і неабыякавых грамадзян далучацца і дапамагаць у адстойванні Управы", — кажа Лялькоў.

Таксама кожны вечар, пачынаючы з 1 красавіка, на офісе Партыі БНФ будуць праходзіць творчыя вечары і канцэрты.

"Мы распачынаем ад заўтра бестэрміновую акцыю культурніцкай салідарнасці з Управай. Мы заклікаем людзей культуры праявіць ініцыятыву. Мы гатовыя даць пляцоўку для сустрэчаў і канцэртаў. Хачу звярнуць увагу на тое, што акцыя абароны Управы стане справай не толькі партыі, але ўсіх людзей, якім неабыякавы лёс гэтай выспы свабоды", — дадае Лялькоў.

Падтрымаць Управу ўжо пагадзіўся Славамір Адамовіч, творчы вечар якога адбудзецца 2-га красавіка, а 1-га адбудзецца прагляд фільмаў Чарлі Чапліна. Дарэчы, сваю падтрымку выказалі і тыя фронтаўцы, хто не падтрымаў цяперашняе кіраўніцтва.

"Хачу сказаць, што па пытанні абароны сядзібы нават тыя людзі, якія не падтрымлівалі палітычную лінію цяперашняга кіраўніцтва, цалкам салідарныя з намі. Аляксей Марачкін ад сябе асабіста і суполкі "Пагоня" дэклараваў, што яны гатовыя і будуць удзельнічаць у акцыях абароны", — гаворыць Янукевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі