"У нас праблемы ў эканоміцы і палітыцы, а яна спявае “I Love Belarus”

Еўрарадыё паразмаўляла з галоўным рэдактарам газеты "Антэна" Сяргеем Маліноўскім пра ўчорашні выступ на "Еўрабачанні" прадстаўніцы Беларусі Анастасіі Віннікавай. Нагадаем, яна не патрапіла ў фінал.

Еўрарадыё: Якое ў вас уражанне ад беларускага выступу на “Еўрабачанні-2011”?

Сяргей Маліноўскі: “Нічым не здзівіў наш выступ. Нумар быў падрыхтаваны вельмі добра, адзінае, што пэўна не тая асоба выступала. У мяне было ўражанне, што яна вельмі хвалявалася і таму ў яе сеў голас, было пачуццё, што на пульце гукарэжысёрскім прыбралі ручкі — голаса зусім не было чутно”.

Еўрарадыё: Ці сапраўды праз хваляванне так можна страціць голас?

Маліноўскі: “Такія сітуацыі ўжо былі на “Еўрабачанні”. Памятаю, як Аляксандра і Канстанцін, калі выступалі. У Сашы таксама вельмі моцна сеў голас. Здараецца такое. Я думаю, што пачаткова зусім няправільна было пасылаць на гэты конкурс дзяўчыну, якая не правяла ніводнага сольнага канцэрта — можна па пальцах пералічыць месцы, дзе яна выступала".

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце харэаграфію?

Маліноўскі: “Што тычыцца афармлення нумару, мне ўсё вельмі спадабалася. Мне спадабалася гама, у якой ён быў зроблены — чорна-бела-шэрая, чырвоны арнамент, які ішоў на экранах — мне падалося, што гэта вельмі стылёва выглядае. Вельмі добрыя бэк-вакалісты ў яе былі. Бэк-вакал выглядаў больш упэўнена, чым сама выканаўца”.

Еўрарадыё: У Інтэрнэце можна прачытаць меркаванні, што беларусы нічога лепшага на “Еўрабачанні” не спявалі.

Маліноўскі: “Гэта не так. Гэта такі псеўда-патрыятызм. Давайце ўявім, што мы зараз знаходзімся ў Еўропе, што мы ведаем пра Беларусь? Тое, што ў нас прайшлі выбары, у нас зараз судзяць экс-кандыдатаў у прэзідэнты, тое, што ў нас ёсць праблемы ў эканоміцы, палітыцы — ўсе гэта ведаюць. І тут выходзіць дзяўчына і спявае “I Love Belarus” — гэта выглядае крыху дзіўна. Прычым песня ўся такая, накшталт: “мы вас ўсіх парвем”. Гэтым Еўропу немагчыма зараз узяць”.

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце іншых канкурсантаў, каго б вы вылучылі ў фаварыты?

Маліноўскі: “ЗдобШиСдуб” — цудоўны, вельмі добра выглядаў. Гэта прыклад, як можна любіць сваю радзіму, не абавязкова крычаць гэта і паўтараць рыфрэнам. Можна проста з года ў год выконваць музыку, якая мае нацыянальны каларыт, неяк яскрава апранацца — па ім адразу бачна, што яны малдаване. Вось яны мне вельмі спадабаліся”.

Еўрарадыё: А калі б параўнаць выступ Анастасіі Віннікавай з выступамі іншых беларусаў на гэтым конкурсе, то якое прыкладна б месца заняла Віннікава?

Маліноўскі: “Лепш за ўсіх выступіў, канешне ж, Калдун. А горш за ўсіх... думаю, што яна зараз будзе канкураваць з Аляксандрай і Канстанцінам. Гэта быў яе першы выступ, за гэта нельга вельмі моцна ругаць, тым больш, што песня не кепская была. Але сказалася хваляванне, бо яно іх вельмі моцна падвяло”.

Еўрарадыё: Чаму яна вырашыла так змяніць свой імідж ад дзяўчыны, якая не фарбуецца, да таго, што мы пабачылі на конкурсе “Еўрабачанне”?

Маліноўскі: “Яна да гэтага ніякіх адносінаў не мае — гэта справа іміджмейкераў, стылістаў, якія паехалі ў складзе каманды. Наколькі я ведаю, 22 чалавекі паехалі разам з ёй. Гэтыя людзі адказвалі за яе выгляд. Я лічу, што яны яго вельмі палепшылі, бо была даволі звычайная студэнцкая мода. Даволі сімпатычная, але мне падаецца, што яна не спявачка, а студэнтка і са студэнткі паспрабавалі зрабіць цукерку, і гэта атрымалася. Але што рабіць, калі ў асобы няма такога канцэртнага досведу, які ёсць у шмат якіх іншых артыстаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі