У Нацыянальнай бібліятэцы сярэдні заробак 4,5 мільёна рублёў

Бібліятэкар з Баранавічаў на сустрэчы са старшынёй вобласці Канстанцінам Сумарам называе свой заробак — 1,4 мільёна рублёў чыстымі. Супрацоўнікі Баранавіцкай цэнтральнай бібліятэкі пацвярджаюць: заробак амаль дацягвае да двух мільёнаў. 

“Наша прафесія заўсёды нізкааплатная была, а спецыяліст бібліятэчны — гэта не проста чалавек, што выдае кнігі. Гэта і камп'ютарныя тэхналогіі, і зайсці ў інтэрнет трэба, і пастаянна новыя праграмы. Але мы ўжо прывыклі”, — кажа баранавіцкая бібліятэкарка і заўважае, што і ў яе калег па цэху ва ўсёй краіне такія заробкі.

“Ад колькасці чытачоў залежыць катэгорыя бібліятэкі, і тады і заробкі трошкі вышэйшыя”.


У Гарадзішчанскай сельскай бібліятэцы, што на Магілёўшчыне, — 650 чытачоў за год, ёсць інтэрнет. Заробак, паводле слоў бібліятэкаркі Юліі Анатольеўны, “малаваты” — 1,5 мільёна рублёў.

“Хацелася б, канечне, паболей, бо праца з чытачамі, на камп'ютары тут працую”.


Бібліятэкарка з Івесьскай сельскай бібліятэкі Глыбоцкага раёна Таццяна Уладзіміраўна кажа, што ў іх больш за 350 падпісчыкаў і інтэрнет. Наведвальнікі пастаянна прыходзяць карыстацца сецівам. Таццяна за месяц зарабляе 200 долараў.

“А вы бачылі, каб у газетах пісалі пра сярэднія заробкі культуры? Не! Але што… Мы ўсе фанаты і не разбэшчаныя… Здавалася б, мы ў вёсцы, у нас ўсё сваё, але атрымліваецца, што ў магазін па мінімуме схадзіць — 50 тысяч рублёў”, — раскідвае Таццяна свой месячны заробак.

Спадзяюся на больш высокія заробкі ў бібліятэках абласных гарадоў і  тэлефаную ў Віцебскую абласную бібліятэку. Тут мяне ашаламляюць:

“Мы падпісвалі дамову не раскрываць свой заробак”, — кажа супрацоўніца бібліятэкі. Цягам размовы высвятляецца, што заробкі бібліятэкараў абласной ўстановы — 2 мільёны рублёў ці трошкі болей, у залежнасці ад стажу, катэгорыі і вопыту працы.

У аддзеле сувязяў з грамадскасцю Нацыянальнай бібліятэкі адгаворваюцца агульнымі фразамі — 4,5 мільёна ў сярэднім, і шчыра дадаюць:

“Вось па Мінску казалі, што заробак 700 долараў, а вы мне пакажыце гэтага чалавека! Я такога не бачыла! Гэтак і ў нас сярэдні заробак. Я б таксама хацела паглядзець на чалавека, на сярэдняга чалавека, які б атрымліваў гэтыя 4,5 мільёна”.

Еўрарадыё: Дык да трох мільёнаў дацягваеце?


“Вельмі рэдка”, — уздыхаюць у Нацыянальнай бібліятэцы.

У іншых бібліятэках сталіцы зарабляюць і два, і тры мільёны рублёў. Але не скардзяцца, бо “праца не патрабуе фізічных намаганняў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі