У Мінску за адзін мандат змагаюцца тры праўладныя кандыдаты!

Ёсць такія выбарчыя акругі, дзе балатуюцца адразу некалькі… праўладных кандыдатаў! Ідуць адзін на аднаго.

“Шанцы на перамогу? Шчыра кажучы, мне складана іх ацаніць. Я першы раз удзельнічаю ў такім. Таму гаварыць аб шансах вельмі складана”, — кажа Ігар Бабок — дырэктар па ідэалагічнай працы кампаніі “Мілавіца”.

120918_pilecki_kandydaty.mp3

Назваць яго апазіцыйным кандыдатам складана. Ды і сам дырэктар па ідэалагічнай працы ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё аб апанентах улады адгукаецца не вельмі пяшчотна. Бабок балатуецца ў адной акрузе з дзейным дэпутатам — Мікалаем Самасейкам. Наракае на тое, што некаторыя дэпутаты не кажуць праўды пра свае прыбыткі (сам ён падаў звесткі пра 280 мільёнаў прыбытку за апошні год). Расказвае пра тое, што ў кампаніі яму ўскосна дапамагае… службовае становішча.

“Што грэх хаваць, калі ў жаночым калектыве гавару, што я прадстаўляю такое прадпрыемства, як “Мілавіца”, то пэўная цікавасць у іх адразу ўзнікае. Я вельмі спадзяюся, што ў памяці жанчын гэта застаецца”.

Акругаў, дзе балатуюцца па некалькі служачых дзяржаўных структур, больш за ўсё ў Мінску. У Аўтазаводскай акрузе, дзе балатаваўся лідар БНФ Аляксей Янукевіч, ідуць намеснік галоўнага інжынера аўтобуснага парка №6 Пётр Жалнер і кіраўнік прафсаюзнага камітэта на ліцейным прадпрыемстве МАЗа Сяргей Дудкін. Вазьмі здагадайся, хто пераможа?

Канкурэнцыя ў беларускіх выбарах сустракаецца не ўпершыню. У 2000 годзе, калі апазіцыя масава паздымалася з выбараў, у Пінску намеснік кіраўніка райвыканкама сапернічаў з намеснікам кіраўніка… брэсцкага аблвыканкама! А ў Баранавічах юрыст галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў выставіўся супраць намесніка начальніка мясцовага РУУС. Былі часы, нічога не скажаш.

У Свіслацкай акрузе разам з дацэнтам кафедры акушэрства Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Аксанай Дражынай балатуецца дырэктар аўтобуснага парка нумар 2 Леанід Мажэйка. Таксама інтрыга. Праўда, акурат Мажэйка ў сваёй перамозе перакананы.

“Таму што за ўвесь час агітацыі, я не бачыў ніводнага пікета сваіх апанентаў. Каб нехта недзе стаяў і агітаваў”.

А самая інтрыгоўная мінская акруга – Купалаўская. Там балатуецца кіраўнік Ленінскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Валерый Дашкоўскі, галоўны ўрач 18-ай паліклінікі Вадзім Касцюкоў і дзейная дэпутатка парламента Валянціна Леаненка. Ажно тры кандыдаты, якіх можна назваць праўладнымі!

У Полацку Еўрарадыё знайшло акругу, дзе старшыня Полацкага савета дэпутатаў Наталля Гуйвік сапернічае з… вядомым тэлевядучым, супрацоўнікам канала АНТ Аляксеем Міхальчанкам.

Размаўляць пра свае шансы на перамогу ў выбарах з карэспандэнтам Еўрарадыё Міхальчанка не захацеў. Ці то накаркаць пабаяўся, ці то ў перамогу больш не верыць.

“Што грэх хаваць, калі ў жаночым калектыве гавару, што я прадстаўляю такое прадпрыемства, як “Мілавіца”, то пэўная цікавасць у іх адразу ўзнікае. Я вельмі спадзяюся, што ў памяці жанчын гэта застаецца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі