У Мінску пакажуць лепшыя дакументальныя фільмы Еўропы

На думку арганізатараў мерапрыемства, партала дакументальнага кіно Frontline Club ды асацыяцыі БелФільм, зараз убачыць дакументальныя фільмы амаль немагчыма, бо тэлебачанне забітае нізкаякаснымі серыяламі ды забаўляльнымі праграмамі. Таму менавіта знаёмства з сучаснай дакументалістыкай і з'яўляецца асноўнай мэтай гэтага фестывалю. Да таго ж прэзентаваць фільмы а таксама зладзіць абмеркаванні пасля паказу з Масквы прыедуць прадстаўнікі Frontline Club.

Пачнецца фестываль паказам фільма Дэна Рыда "Косава: Даліна", які прызнаны самай аб'ектыўнай дакументальнай стужкай пра косава-албанскі канфлікт. Але асноўнай часткай праграмы, на думку старшыні асацыяцыі БелФільм і рэжысёра Алега Дашкевіча, стануць тры стужкі знакамітага рэпарцёра і дакументаліста Джона Алперта.

Алег Дашкевіч: "Далей ідзе рэтраспектыва Джона Алперта "Не стыхійнае бедства ў Кітаі: Слёзы правінцыі Сычуань", намінаваны на прэмію "Оскар", і "Як сібірскія дзяўчынкі амерыканкамі сталі", пра працэс удачарэння сібірскіх дзяўчынак амерыканскай сям'ёй, таксама вельмі чуллівы і пранікнёны фільм. Трэці - "Багдад. Хуткая дапамога" - шэсць намінацый, чатыры ўзнагароды прэміі "Эммі". Фільм пра позірк на іракскі канфлікт праз амерыканскі шпіталь".

Закрываць фестываль будзе спецыфічны мультымедыйны праект фіна Рэё Нікіля пад назвай "Прага 21 жніўня 1968". Рэё Нікіля вучыўся ў пражскім універсітэце і там заспеў савецка-чэхаславацкі канфлікт. Ён зрабіў шмат фотаздымкаў тых падзей і запісаў розныя інтэрв'ю ды гукі вуліц. Праз 30 гадоў ён сабраў увесь матэрыял у адну стужку, якая і будзе паказаная 27-га траўня.

Паказы пачнуцца а 15-й гадзіне ў канферэнц-зале маладзёжнай сацыяльнай службы, што знаходзіцца на вуліцы Чапаева 3. Уваход на ўсе сеансы вольны.

Фота: dubilet.hiblogger.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі