У медуніверсітэце для тых, хто прагаласаваў датэрмінова – пятніца выходны

120918_martynovi4_studenty.mp3

На выбарчым участку інтэрната № 11 БДУ зранку галасуюць Ілля і Надзея. Каля лістка з інфармацыяй аб кандыдатах не спыняюцца. Адразу — у кабінку для галасавання.

“Галасаваў за Крыжаноўскага, бо ён гумарны, разбавіць палітыку. На выходныя еду дадому, таму схадзіў прагаласаваў, ды і ўсё. Тут іх партрэты віселі ўжо месяц”, — расказвае мне студэнт Ілля.


Уваход на выбарчы ўчастак ў 11 інтэрнаце БДУ

І запэўнівае, што галасаваць датэрмінова не прымушалі, у адрозненні ад мінулых выбараў.

Да поўдня на выбарчым участку ў інтэрнаце № 11 галасуюць яшчэ 20 студэнтаў.

11 інтэрнат БДУ падчас датэрміновага галасавання

Навучэнцы педыятрычнага факультэта Медуніверсітэта Надзея і Вадзім пакуль не галасавалі, але аддадуць свой голас датэрмінова, бо “абяцалі выходны”.

“Калі прагаласуем датэрмінова будзе выходны — пятніца. Мы не вельмі ў палітыцы. Калі сказалі, што трэба прагаласаваць, значыць трэба”, — адказваюць студэнты і не могуць назваць ніводнага кандыдата па акрузе. Якая пакорлівасць…

“Галасуйце як хочаце, але тады не зможаце раней паехаць дадому у пятніцу”, — адказваюць журналісту Еўрарадыё ў дэканаце педыятрычнага факультэта Медуніверсітэта.

Траіх студэнтаў БДУІРА заўважаю на лавачцы ля інтэрната. Адпачываюць. На выбары ім ісці лянота, а калі пытаю пра прозвішчы кандыдатаў… смяюцца.

“Паняцця не маем, хто там ідзе, паставім супраць усіх”, — адказваюць у адзін голас студэнты другога курса Міхаіл і Аляксандр.

Трэці сябра — Ягор на выбары не збіраецца прынцыпова. Байкатуе!

У восьмым інтэрнаце БДПУ імя Максіма Танка на выбарчым участку сумуюць. За дзве гадзіны датэрміновага галасавання — менш за дзесяць студэнтаў.

“Пакуль на занятках, — запэўніваюць журналіста Еўрарадыё на выбарчым участку. — Пасля дзвюх гадзін шмат будзе!”

У інтэрнат заходзяць два студэнты факультэта прыродазнаўства. Галасаваць будуць ў дзень выбараў. І… прыгадваюць двух кандыдатаў!

“На мінулых выбарах адмыслова пагналі датэрмінова. На гэтых яшчэ нічога не казалі”, — адказвае студэнт педагагічнага Ігар.

А ў Магілёўскім універсітэце імя Куляшова з жадаючых прагаласаваць датэрмінова цэлыя чэргі.



Першы корпус МДУ імя Куляшова, датэрміновае галасаванне(фота: elections2012.spring96.org)

Фота 1: slova.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі