У інданэзійскіх газетах пра візіт Лукашэнкі пісалі на 12-й і 14-й старонках

Увесь мінулы тыдзень Аляксандр Лукашэнка правёў у Паўднёва-Усходняй Азіі: спачатку ў Інданэзіі — з 18 па 20 сакавіка, а пасля ў Сінгапуры — з 20 па 23 сакавіка. На чале дэлегацыі з 80 чалавек беларускі лідар прэзентаваў эканоміку ў рэгіёне, газеты якога шчыра прызнаюцца: тут і краіны-то такой не ведаюць — Беларусь!


“Шмат хто ў Інданэзіі можа не ведаць, дзе знаходзіцца Беларусь, — піша ў чэрвені мінулага года сталічнае выданне “Jakarta Post”. — Але гэтая краіна выказвае стратэгічную неабходнасць у Інданэзіі, найвялікшай эканоміцы Паўднёвай Азіі, і адкрывае амбасаду ў Джакарце”.


Дарэчы, “Jakarta Post” стала ледзь не адзінай газетай 250-мільённай Інданэзіі, якая хаця б нешта напісала пра сёлетні візіт Лукашэнкі. Два артыкулы выйшлі ў JP на 12-й і 14-й палосах адпаведна! Што не перашкодзіла журналісту АНТ Аляксандру Злобіну паказаць газеты ў эфіры праграмы “Контуры”:


“Тое, што ў Інданэзіі з’явіўся новы партнёр, інданэзійцам распавялі вядучыя нацыянальныя газеты і шматлікія плакаты на праспектах Джакарты”.


Таксама “нацыянальная” газета “Jakarta Post” распавяла інданэзійцам цікавыя рэчы пра таваразварот Беларусі і Інданэзіі.


“Jakarta Post”: “Двухбаковы гандаль Інданэзіі з Беларуссю — усходнееўрапейскай краінай без выхаду да мора, заціснутай паміж Расіяй і Еўрапейскім саюзам, — склаў $90,46 мільёна. Ён знізіўся на 44,4% у параўнанні з рэкордным 2011 годам, калі складаў $163,02 мільёна паводле інданэзійскай статыстыкі. Што праўда, паводле беларускай статыстыкі двухбаковы таваразварот у 2011 годзе складаў $220 мільёнаў”.


Гэтая ж лічба — 220 мільёнаў долараў — гучыць і ў рэпартажы АНТ. Умеюць усё ж такі ў Беларусі лічыць!


Яшчэ адну публікацыю пра сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Інданэзіі Еўрарадыё знайшло ў газеце “JakartaGlobe”. І ўсё!

 

З 20 па 23 сакавіка Беларусь гандлявала тварам у Сінгапуры. Тры дні бізнесоўцы і чыноўнікі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам вялі разнастайныя перамовы. А 22 сакавіка правялі пафасную падзею — беларуска-сінгапурскі бізнес-форум.


21 сакавіка невялікую навіну пра візіт Лукашэнкі ў Сінгапур надрукаваў партал AsiaOne. Але не пра эканамічныя пагадненні, а пра адмену візаў для ўладальнікаў беларускіх і сінгапурскіх дыпламатычных пашпартоў.

 
Анонс эканамічнага форума з'явіўся таксама на сайце Channel NewsAsia.com. Тут цытуюць прэзідэнта Сінгапура. Але ён чамусьці кажа не пра бізнес, а пра навуку, музыку і… танцы!


Тоні Тан: "Беларускія ўніверсітэты і навукова-даследчыя інстытуты добра вядомыя сваімі навуковымі і тэхнічныя магчымасцямі, і прапануюць магчымасці для даследаванняў і развіцця супрацоўніцтва. Існуе таксама патэнцыял для культурнага супрацоўніцтва, улічваючы багатыя традыцыі Беларусі ў галіне культуры і мастацтва, у прыватнасці музыкі і танца".

 

На форуме падпісваюць 8 мемарандумаў і 1 пагадненне пра намеры. Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў дае каментары тэлеканалу АНТ. А ў сінгапурскіх СМІ пасля 22 сакавіка пра беларусаў — ні слова!


Буйных газет у Сінгапуры не так шмат. 23 сакавіка Today паведамляе пра візіт кітайскага прэзідэнта Сі Цзіньпіна ў Маскву. А пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Сінгапур, што скончыўся напярэдадні, не піша.


Нічога няма і ў газеце "The Business Times". Дзіўна, што выданне з такой назвай прапускае такую значную падзею, як беларуска-сінгапурскі бізнес-форум.


Сінгапурская газета "The Straits Times" 20 сакавіка піша пра візіт Абамы ў Ізраіль, пра магчымы візіт Папы Рымскага ў Аўстралію і пра тое, што каралева Елізавета ІІ па выхадзе з лякарні прагуляецца разам з Кейт Мідлтан, жонкай прынца Уільяма. Пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Сінгапур няма. Дзіўна!

Перадавіцы "Jakarta Globe" з 18 па 20 сакавіка. Пра Беларусь —  ні слова (карцінка ў большым памеры).

Беларускі лідар і прэзідэнт Інданэзіі Сусіла Бамбанг Юдайёна

Аляксандр Лукашэнка і Тоні Тан у Сінгапуры.