Віталя Ругайна адпусцілі, ён вярнуўся ў Мінск

16.00 Наш журналіст шчасліва вярнуўся ў Мінск.  У бліжэйшы час вы зноў зможаце чытаць і слухаць рэпартажы Віталя на "Еўрарадыё"!

12.30. Віталь Ругайн едзе ў Мінск на "папутцы".

120724 RuhajnDaroha.mp3

11.25. Памежнікі вярнулі Віталю Ругайну пашпарт і ноўтбук ды адпусцілі. Цяпер ён "ловіць" на трасе машыну, каб даехаць да сталіцы.

10:50. У Віталя Ругайна на мяжы з Літвой канфіскавалі ноўтбук. Быў складзены пратакол аб канфіскацыі згодна з артыкулам 8.9 "Працэсуальна-выканаўчага кодэкса ад адміністрацыйных правапарушэннях". Гэты артыкул прадугледжвае, што рэчы, знойдзеныя ў фізічнай асобы пры затрыманні, вобшуку ці даглядзе могуць быць канфіскаваныя, калі маюць значэнне для прыняцця рашэння па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Карэспандэнт Еўрарадыё застаецца ў памяшканні памежнай службы ў Гудагаі. Вось што ён распавёў па тэлефоне:

120724 Ruhajn.mp3

Нагадаем, раніцай 24 ліпеня журналіст Віталь Ругайн, якога месяц таму спрабавалі затрымаць ля рэдакцыі Еўрарадыё, паспрабаваў вярнуцца ў Беларусь. З Вільні ў Мінск ён ехаў цягніком. Пасля мытнага дагляду ў Віталя забралі пашпарт.

Спачатку сувязі з Віталём не было. Пазней ён патэлефанаваў у рэдакцыю
і паведаміў, што прайшоў поўны мытны дагляд. Яго ўжо збіраліся
адпусціць, але раптам вярнулі: "Пачакайце, з вамі хочуць пагутарыць". У
Ругайна забралі пашпарт. Еўрарадыё сочыць за развіццём падзеяў.

Пасля затрымання 22 чэрвеня журналіста Еўрарадыё Паўла Свярдлова, невядомыя ў цывільным чакалі каля офіса Віталя Ругайна (яны паказвалі фотаздымак журналіста вахцёршы). Аднак з дапамогай журналістаў іншых СМІ, якія прыйшлі ў офіс Еўрарадыё, тады Ругайну ўдалося застацца на волі і з'ехаць з краіны ў Польшчу. Сёння ён упершыню пасля вяртання з адпачынку спрабаваў прыехаць у Беларусь.

Еўрарадыё рабіла рэпартаж з мінскага метро,
у часе падрыхтоўкі якога журналісты прайшліся па падземцы з цяжкой
валізкай, і на іх ніхто не звярнуў увагі. Затрыманне Паўла Свярдлова (ён адсядзеў 15 сутак арышту), а цяпер і Віталя Ругайна
магло стаць своеасаблівай помстай.