У Гомелі “Ноч музеяў” правялі ў бахілах
Сёлета “Ноч музеяў” у Гомелі ўпершыню прайшла ў палацы Румянцавых–Паскевічаў.

Імпрэза прайшла ўчора, 14 траўня, з дваццатай гадзіны вечара па другую гадзіну ночы. Палацава-паркавы ансамбль прапанаваў гамельчукам культурна-забаўляльную праграму як у парку, так і ў самім палацы: жывую класічную музыку, канцэрты, спектаклі, экскурсіі, майстар-класы, гістарычныя рэканструкцыі, шматлікія выставы і, нават, дабрачынны аўкцыён. Але ж усе, хто завітаў у гэтую ноч у палац, былі абавязаны апрануць паўзверх свайго абутку бахілы — гэтага патрабуюць правілы наведвання гомельскага гістарычнага будынка.
Адзначым, што раней на “Ноч музеяў” у Гомелі ўваход быў платным нават у парк. У гэтым жа годзе платным быў толькі ўваход у палац Румянцавых–Паскевічаў (15 тысячаў напярэдадні, і 20 — у дзень мерапрыемства), прысутнасць жа ў паркавай зоне да 23.00 была бясплатнай.


