У Брэсце гарэлі дамы з “калоніі Варбурга” (фота)

У пятніцу каля 20 працаўнікоў Жылкамунгаса займаліся прыборкай смецця з тэрыторыі вакол дамоў і з саміх двухпавярховікаў. На ўсё спатрэбіўся ўмяшчальны грузавік МАЗ. Брыгадзір прыбіральшчыкаў патлумачыў:

Брыгадзір: “Людзі з суседніх дамоў носяць. Элементарна. Скідаюць у канаву, у дамы. А потым чык-чык — падпал. Дзеці. З суседняга дома мужчына казаў, што на канікулах падпальвалі. І студэнткі з суседняга інтэрната ўніверсітэцкага паляць. Вунь дзве пайшлі. Бескультур’е ў нас. Стаялі домікі… Летась прыбралі, усё было ідэальна, а цяпер самі бачыце, што дзеецца. Шыбы паразбіваныя, шыфер… Вандалізм!”

Нагадаем, 12 двухпавярховых драўляных дамоў на 1-м Мінскім завулку Брэста былі ў 1920-я гады пабудаваныя для бедных яўрэйскіх сем’яў на грошы сусветнай дабрачыннай арганізацыі "Джойнт". Квартал назвалі ў гонар старшыні "Джойнта" Фелікса Варбурга.

Брэсцкія ўлады былі вырашылі знесці калонію. План часткова быў выкананы. Пасля масіўных пратэстаў грамадскасці знос прыпынілі. Цяпер кажуць пра абавязковае захаванне аднаго дома. Іншыя, мяркуецца яшчэ два, будуць адноўленыя, “калі знойдзецца інвестар”.

Гэта адзіны ў Беларусі такога кшталту ансамбль гістарычных будынкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі