У Брэсце распачаўся найбуйнейшы рок-фэст гораду (фота)

Арганізатары мерапрыемства ўпэўненыя: асноўная маса людзей прыйдзе ў другі дзень, бо на 28 кастрычніка запланаваны выступ галоўных хэдлайнераў  Men's Fest’у — брэсцкіх панк-рокераў “Дай Дарогу!”. Таксама у гэты вечар фестываль ператворыцца ў абяцаную міжнародную падзею дзякуючы выступу ўкраінскіх гасцей “Роллік’с” і “Гуцул Каліпсо”. Нагадаем, што музыкі з Украіны паабяцалі адмыслова для “мужыкоў” упершыню праспяваць па-беларуску.

Распачалі ж фестываль гурты з Беларусі. На жаль, такі чаканы выступ  брэсцкіх рок-ветэранаў СадЪ быў адменены з-за стану здароўя аднаго з удзельнікаў гурта. Прадстаўляць жа Брэст на пляцоўцы прыйшлося The Fraiz, CLAN, “Объект” і мясцовым маладым гуртам. Ну а з Мінску завіталі ў горад над Бугам Martin S і J-J Bingz.

Дарэчы, менавіта выступ J-J Bingz па-сапраўднаму разварушыў прысутных. Падчас выканання іх каверу на песню “Солнышко” поп-гурта “Демо” гледачы распачалі сапраўдны слэм. Не праігнаравалі мінскія ска-панкі і пажаданне арганізатараў фэсту — выканаць хоць бы адну песню па-беларуску. Так музыкі прэзентавалі  сваё бачанне хіта “Я нарадзіўся тут!”.

Пра гісторыю стварэння кавера на Змітра Вайцюшкевіча Еўрарадыё распавёў гітарыст J-J Bingz Арцём Мядзведзь:


"Недзе два гады таму нас запрасілі прыняць удзел у нейкім творчым вечары Змірта Вайцюшкевіча. Папрасілі кавер — і мы яго зрабілі. Аднак нешта там не зраслося — вечар адмянілі. Так пра песню і забыліся. І вось зараз арганізатары папрасілі праспяваць што-небудзь на беларускай мове, і мы ўзгадалі, што ёсць у нас такая цікавая перапеўка".

Вакаліст гурта Слава Жук дадаў, што сваю больш цяжкую версію "Я нарадзіўся тут" яны абавязкова запішуць у будучыні.

Сёння на Men’s Fest чакаецца выступ яшчэ 10 гуртоў. Галоўнай інтрыгай ўсё яшчэ застаецца тое, ці выканаюць “Дай Дарогу!” песню па-беларуску.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі