У Бабруйску загадалі будаваць у паскораным рэжыме
Жылыя дамы і іншыя будаўнічыя аб'екты павінны быць здадзеныя хутчэй, чым атрымоўваецца па плане.
Бабруйскія будаўнікі вымушаныя працаваць у паскораным рэжыме. Такі неафіцыйны загад атрымалі амаль усе будаўнічыя арганізацыі. Пацверджаннем стала заява старшыні Бабруйскага гарвыканкама Дзмітрыя Бонахава. Па яго словах, рэканструкцыя бабруйскай радзільні, якая пачалася яшчэ летась, павінна быць завершаная хутчэй, чым указана ў афіцыйным плане рэканструкцыі. Працу па плане ён назваў "пратэрміноўкай". Аб'ект трэба здаць да канца 2011 года, а па плане рэканструкцыя павінна завяршыцца толькі ў 2012 годзе.
Такія загады можна звязаць з нядаўнім прыездам старшыні аблвыканкама Пятра Рудніка ў Бабруйск. Ён адзначыў, што за апошнія 5 гадоў Бабруйск ніводнага разу не ўклаўся ў будаўнічыя планы. І цяпер гарадское кіраўніцтва, відаць, вырашыла "навярстаць" згубленае.
Праўда, сачыць за якасцю будаўніцтва пры паскораных тэмпах стала цяжэй.