Цягнік павышанай камфортнасці стартаваў з Мінска з закрытай прыбіральняй

1 ліпеня ў 6:37 раніцы з Заслаўя ў Мінск накіраваўся першы электрацягнік падвышанай камфортнасці. Беларуская чыгунка нарэшце распачала тэставую эксплуатацыю швейцарскага цягніка, які набыла год таму.

Новы фармат гарадскіх перавозак прадугледжвае мяккія фатэлі, разеткі для ноўтбукаў, табло, на якім адлюстроўваецца хуткасць, тэмпература і назва наступнага прыпынку і кошт у 2 тысячы рублёў за квіток да любога прыпынку. Бясплатны інтэрнэт у цягніку адсутнічае.

Таксама ў вагонах электрацягніка падвышанай камфортнасці закрытыя біяпрыбіральні. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміў адзін з першых яго пасажыраў, Ілля. Магчыма, гэта тлумачыцца тэставым фарматам яго эксплуатацыі. Магчыма, дзверы ў прыбіральні папросту забыліся адчыніць.

Таксама Ілля паскардзіўся на спёку ў вагоне. Маўляў, кандыцыянер у цягніку такі не наладзілі.

У бліжэйшы час новы цягнік будзе штодня курсаваць па маршруце “Мінск-Пасажырскі – станцыя Беларусь (Заслаўе)” з прыпынкамі: Мінск-Паўночны, Масюкоўшчына, Лябяжы, Ждановічы, Мінскае мора, Ратамка, Крыжоўка, Зялёнае. Адпраўленне з Мінска ў 7:05, 8:57, 17:15 і 19:10, а з Заслаўля ў 8:02, 10:12, 18:05, 20:10.

Фота: www.skyscrapercity.com, "Наша Ніва".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі