Ці можна друкаваць улёткі ў прыватных друкарнях?

Кандыдату ад партыі БНФ Андрэю Юркову, які балатуецца ў Горках, вынеслі папярэджанне. Ён надрукаваў агітацыйныя ўлёткі не ў мясцовай друкарні, а ў індывідуальнага прадпрымальніка. Прычым, Андрэй Юркоў у гэтым месцы друкуе агітацыйныя матэрыялы не ў першы раз. Але падчас мінулай перадвыбарчай кампаніі ў 2008 годзе акруговая камісія не звярнула ўвагі на тое, адкуль паходзяць улёткі. Андрэй Юркоў патлумачыў Еўрарадыё, чаму звярнуўся да індывідуальнага прадпрымальніка.

Андрэй Юркоў: "Таму што там якасць лепшая, там лічбавы друк,а не афсетны. Але камісія пачала шукаць, як кажуць, да чаго дакалупацца. Знайшлі ў выбарчым кодэксе спасылку, што на агітацыйнай прадукцыі мусіць друкавацца нумар ліцэнзіі. Але сам кодэкс наўпрост гэта не ўказвае, там не ўзакана, што друк мусіць быць афсетным, а па сённяшнім заканадаўстве ліцэнзія выдаецца толькі на афсетны друк. А іншы від друку ўказваецца падчас рэгістрацыі прадпрыемства і прапісваецца ў від дзейнасці арганізацыі." 

 

Атрымліваецца, ні  індывідуальны прадпрымальнік, што надрукаваў улёткі, ні кандыдат ў дэпутаты закон не парушалі. На думку Андрэя Юркова, папярэджанне ён атрымаў, бо выбарчая камісія  спужалася інфармацыі, якая была на ўлётках.

Андрэй Юркоў: "Мы чаму спяшаліся вельмі з улёткамі. Камісія дала нам графік сустрэч з выбарцамі, перад сустрэчамі мы раскідвалі ўлёткі, дзе было пазначана месца правядзення сустрэч, каб людзі прыходзілі. Вядома, паглядзеўшы на гэтыя сходы, як народ рэагуе на сённяшнюю рэчаіснасць, камісіі гэта не спадабалася, пачалі шукаць як нам перашкодзіць."  

У акруговай  камісіі Юркоў спрабаваў патлумачыць,  што закон не парушаў, аднак сябры камісіі аднагалосна прагаласавалі ЗА вынясенне папярэджання кандыдату ў дэпутаты. Больш за тое, па словах Андрэя Юркова, нумар ліцэнзіі друкарні ён не ўбачыў нават на плакатах праўладных кандыдатаў. Атрымліваецца, што ўсе кандыдаты друкуюцца ў розных друкарнях. Таму Андрэй Юркоў  абскардзіў рашэнне акруговай камісіі, даслаў адпаведны ліст у ЦВК, але адказу пакуль не атрымаў. Калі бліжэйшым часам акруговая камісія вынесе яшчэ адно папярэджанне Андрэю Юркову, ён будзе пазбаўлены рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

фота з сацыяльных сетак

Рубрыка “Самаабарона” для праграмы Кардыяграма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі