Трэцяя гадавіна смаленскай трагедыі выклікала чарговы скандал у Польшчы

Урачыстыя мерапрыемствы пройдуць 10 красавіка ў Варшаве і Смаленску. Прэм’ер Дональд Туск раніцай плануе ўскласці кветкі на магілы ахвяраў, пахаваных на Павонзках. Адразу пасля гэтага Туск едзе ў аэрапорт, адкуль ляціць з афіцыйным візітам у Нігерыю. Апазіцыянеры з “ПіС” ужо назвалі такія планы “уцёкамі” і ўгледзелі ў афрыканскім візіце прэм’ера нежаданне больш шырока ўдзельнічаць у акцыях памяці.

“Я наогул задаволены, што прэм’ер едзе ў Нігерыю. Хай туды едзе, застанецца і нават не вяртаецца, бо тое, як ён кіруе акурат падыходзіць для нейкай афрыканскай краіны. Таму хай там застанецца. Мог бы зрабіць такі падарунак на 10 красавіка”, гаворыць Барташ Каўнацкі з “ПіС” у эфіры камерцыйнага тэлеканала TVN.

Не менш прэтэнзій у апазіцыі і да прэзідэнта Браніслава Камароўскага. Сёлета ён не наведвае месца трагедыі ля аэрадрома “Паўночны”. Замест прэзідэнта Камароўскага туды едзе дэлегацыя на чале з прадстаўніком прэзідыума Сейма.

А вось брат загінулага Леха Качынскага Яраслаў, які адначасова ўзначальвае апазіцыйную партыю “ПіС”, у жалобных мерапрыемствах возьме актыўны ўдзел. У Варшаве, напрыклад, выступіць двойчы. Між іншага, перад прэзідэнцкім палацам у атачэнні сваіх прыхільнікаў.

Польскія журналісты ўжо назвалі сітуацыю, у якой аказалася “ПіС”, безвыходнай. Яраслаў Качынскі абвінавачвае сваіх апанентаў у недастатковай увазе да катастрофы прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам, бо не мае выйсця яго электарат (з пераважна правымі і нават нацыяналістычнымі палітычнымі поглядамі) іншых паводзінаў проста не зразумее.

“Сумна, што з гэтай трагедыі некаторыя сілы робяць палітычную барацьбу і цырк”, — гаворыць Уладзімеж Чарзасты з трэцяй уплывовай палітычнай партыі — Лявіцы дэмакратычнай.

Тым часам у польскім грамадстве надалей няма адзінага меркавання аб прычынах авіякатастрофы. Згодна з афіцыйнымі высновамі да яе прывёў шэраг прычын, галоўнымі сярод якіх называюць дрэнныя ўмовы надвор’я і памылкі пілотаў. Сярод альтэрнатыўных тэракт і змова расійскіх спецслужб. Прычым абмяркоўваюцца яны на самым высокім узроўні, аб чым сведчыць хаця б тое, што за два дні да гадавіны трагедыі галоўны канал польскага дзяржаўнага тэлебачання TVN паказаў дакументальны фільм “Анатомія Калапса”. Яго аўтарка, Аніта Гарпас, сцвярджае, што прычынай падзення самалёта Леха Качынскага стаў выбух на борце падчас захода на пасадку.

“Самалёт быў знішчаны ў выніку моцнага выбуху”, гаворыцца ў фільме.

Смалы ў агонь унутрыпольскага супрацьстаяння падлівае тое, што расійскі бок так і не дазволіў Варшаве цалкам вывезці рэшткі самалёта. Відавочна, у Крамлі задаволеныя існаваннем напружання паміж польскімі палітыкамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі