"Трэба не мяняць цмокаў - трэба змяняць краіну, у якой цмок жыве"

Еўрарадыё: Давайце пагаворым пра краіну, як мэнэджарскі праект… Калі краіну разглядаць як кампанію, то на якім этапе якой патрэбны лідар? Ці можам мы паразважаць, на якім этапе мы цяпер знаходзімся, калі рабіць паралель з развіццём кампаніі, і які нам у такім разе патрэбны лідар (мэнэджар)?

Павел Данэйка:
Мы можам пагаварыць вось пра што - эканамічныя палітыкі маюць сваю спецыфіку ў залежнасці ад стадыі развіцця эканомікі. Просты прыклад: калі адзін і той жа чалавек хварэў на адну і тую ж хваробу, напрыклад, запаленне лёгкіх - у 4 гады, у 20, у 40 і ў 80… Яго будуць па-рознаму лячыць ад гэтай хваробы. Таму што існуюць узроставыя абмежаванні.

Тое ж самае тычыцца і эканомікі. Вылучаецца 4 стадыі развіцця эканамічнай сістэмы. Першая - гэта стадыя развіцця на аснове фактараў, калі мы асабліва нічога не маем, а маем танныя прыродныя рэсурсы і танную працоўную сілу. Другая стадыя - гэта развіццё на аснове інвестыцый, калі бяруцца старыя тэхналогіі і адаптуюцца да нацыянальных асаблівасцяў. Адбываецца так званы даганяючы тып развіцця.

Трэцяя стадыя (спелыя, "40-гадовывя") - гэта інавацыйнае развіццё. Калі эканоміка развіваецца на аснове стварэння новых тэхналогій і прадуктаў.

І апошняя стадыя - гэта старасць, развіццё на аснове багацця, калі настае сацыяльны мір, бізнэс перастае быць прывабным для моладзі - яны любяць дзяржаўную службу, вельмі развітая вытворчасць тавараў для багатых і г.д.

На такой стадыі калісьці знаходзілася Вялікабрытанія. Бо ў Вялікабрытаніі шмат аўтамабільных кампаній. Усе думаюць, што там Ягуар і ўсё… А там каля сотні кампаній, але яны вырабляюць па 10-20 аўтамабіляў для вельмі багатых.

Беларусь знаходзіцца на стадыі развіцця інвестыцый. Што гэта такое?

Павел Данэйка: Напрыклад, бярэм нейкую самую простую тэхналогію - вытворчасць пелетаў, напрыклад (паліўных элементаў). Нават проста перанесці тэхналогію даволі складана, таму што ёсць спецыфіка нашых апілак, іх вільготнасці, засмечанасці і г.д. Гэта значыць, трэба адаптоўваць гэту тэхналогію пад нашы ўмовы, і пачынаць актыўна працаваць. І гэта тычыцца многіх тэхналогій ці прадуктаў.

Звычайна, калі ўзяць нашы паспяховыя прыватныя вытворчыя фірмы - яны бралі прадукт, які ўжо існуе на рынку,  стваралі яго больш танным, прадавалі на рынку, а потым ужо ішлі ў інавацыі, развіваючы гэты прадукт, назапашваючы досвед… Цяпер у нас ёсць цэлы шэраг кампаній, якія паспяхова працуюць на міжнародных рынках з досыць інавацыйнымі прадуктамі, аналагаў якім няма ў свеце. Але гэта паступовы працэс

На гэтым узроўні эканамічная палітыка не выглядае ліберальнай.

Данэйка: Ліберальная эканамічная палітыка добрая на стадыі сталасці, гэта значыць на стадыі інавацый у эканоміцы. Таму што ўзнікненне новага прадукта і новых тэхналогій - гэта бясконцая колькасць эксперыментаў.

Многія дагэтуль думаюць, што Apple была першай кампаніяй, якая вырабіла персанальны камп'ютар. Трэба расчараваць публіку, і сказаць, што ў той момант існавала больш за сотню кампаній, якія ў гаражах кляпалі персанальныя камп'ютары. Але Apple стаў лідарам, таму што яны знайшлі тую мадэль бізнэсу і прадукта, якая аказалася найбольш эфектыўнай.

Гэта значыць інавацыя - гэта калі раніцай з прабіркі вылецела куча дразафіл, а ў канцы дня застаецца адна вялікая муха. Але яна ўжо жыве доўга.

Інавацыйную эканоміку стварыць не так проста. Для гэтага патрэбны цэлы комплекс сацыяльных і эканамічных фактараў. Для гэтага ў грамадстве павінна быць сістэма фінансавання, пачатак бізнэсу, пазітыўнае стаўленне ў грамадстве да няўдач. Цяжка ствараць інавацыйную эканоміку ў грамадствах, дзе, напрыклад, банкруцтва ці памылка будуць негатыўна ўспрынятыя, і потым ты не атрымаеш наступны давер з боку банка ці партнёра.

У эканоміцы, якая знаходзіцца на стадыі інвестыцый, усё даволі проста.

Еўрарадыё: На гэтай стадыі мы цяпер знаходзімся?


Данэйка: Так, тут можа быць досыць эфектыўным пратэкцыянізм, дзяржаўная падтрымка розных галін, стымуляванне экспарту і г.д. Таму што мы развіваем галіны, шлях развіцця якіх мы ўяўляем... Гэта значыць, тут няма той невядомасці, якая існуе на стадыі інавацый, дзе патрэбна воля для таго, каб праводзіць кучу эксперыментаў.

Таму калі мы паглядзім на развіццё краін, якія даволі паспяхова і хутка праходзілі гэты этап (азіяцкія ці ірландскія цмокі), то там звычайна была даволі актыўная пазіцыя ўрада, якая фармавала ўсю неабходную для рыўка інфраструктуру. Па-чалавечы гэта зусім зразумела - калі вас чакае бой з прафесійным баксёрам, а вы толькі пачалі займацца, патрэбны час патрэніравацца. Немагчыма адразу выскачыць на рынг… Што толку? Вядома, што будзе накаўт.

Еўрарадыё: Які б лідар нам падышоў на цяперашнім этапе? Дапусцім, калі на прадпрыемстве крызіс, туды запрашаюць часта антыкрызіснага кіраўніка. І часта яго рашэнні становяцца вельмі непапулярнымі сярод персаналу, але затое выводзяць кампанію з крызісу. Ці можна правесці такую паралель з краінай?

Данэйка: Я вам казаў пра канцэпцыю Марка Портера. У яго такі пункт гледжання, што роля ўрада не такая значная, гэта раз. Па-другое, на гэтым этапе інвестыцый, калі трэба прымаць досыць непапулярныя ў насельніцтва рашэнні, часта патрэбны цвёрды антыкрызісны мэнэджар. І занадта шырокая дэмакратыя тут не вельмі добрая.

Гэта рэальна так. Калі б краіны ўсходняй і цэнтральнай Еўропы не абралі ЕС, як палітычны выбар, то яны б ніколі не правялі рэформы. Таму што ў недаразвітых краінах поўная дэмакратыя без абмежавання права выбару прыводзіць да татальнай гульні палітычных партый у сацыяльны подкуп. Кожная партыя абяцае павялічыць пенсіі, дапамогу па беспрацоўі і г.д. У выніку, рэформы блакуюцца, таму што бракуе рэсурсаў і бракуе сродкаў. І плюс кароткі цыкл - 4-5 гадоў.

Калі няма інстытутаў грамадзянскай супольнасці, якія ўсе гэта спыняюць, калі няма досведу сацыяльна-эканамічнага жыцця ў рынкавай эканоміцы, тое ўсё гэта даволі небяспечна. І мы гэта бачым і на тых краінах, якія засталіся ўбаку ад працэсу. Украіна, напрыклад.

Таму я б усё ж ўскладаў надзеі не на урад і палітычную сістэму, а на нейкія каштоўнасці ў грамадстве, амбітнасць бізнэсу, яго сацыяльны капітал, гатовасць сумесна дзейнічаць для рашэння задач, якія стаяць перад галінамі, групамі бізнэсу і г.д. Вось гэта будзе цікава.

Ёсць такі прыклад - гэта Італія. Там быў заўсёды дрэнны ўрад, дрэнная адукацыя і выдатны бізнэс. За кошт таго, што яны маглі разам узаемадзейнічаць, выступаць вельмі кампактнымі лабісцкімі групамі і дамагацца свайго.

Еўрарадыё: Колькі звычайна па часе цягнецца гэты перыяд інвестыцый, у якім мы цяпер знаходзімся?

Данэйка: Гэта ўжо каму як пашанцуе… Некаторыя ў дзіцячым узросце на ўсё жыццё застаюцца. І нейкай такой перадвызначанасці ў гэтым няма.

Патрэбны актыўны ўдзел бізнэсу ў фармаванні даследаванняў, адукацыі. І патрэбна дзяржаўная падтрымка руху на экспарт, абарона інвестыцый - такі комплекс узаемадзеяння дзяржавы і бізнэсу. Калі ён з'явіцца, то гэта будзе працаваць.

Еўрарадыё: Як ён з'яўляецца?

Я думаю, што ніхто цяпер не адкажа. Таму што сказаць, што гэта робіцца валявым чынам… Гэта дурное.

Адна са здагадак марксізму, як сацыялагічнага мыслення, якое цяпер стала дамінантным - гэта аб'ектыўнасць сацыяльнага жыцця. Нават калі вы прыходзіце ва ўладу з нейкай ідэяй, але калі сацыяльнае асяроддзе не ў стане гэта ўспрыняць, падтрымаць, пачаць рэалізоўваць, то гэта ідэя ўвогуле нічога не значыць.

Таму мы бачым прыгожую пацешную гісторыю Ліберыі. Калі амерыканскія рабы на караблях са Штатаў вярнуліся ў Афрыку, прывезлі Канстытуцыю… Але стварылі зноў рабаўладальніцкае грамадства. Нічога не змянілася. Гэта як казка Шварца пра цмока - цмока памянялі, замест яго новы будзе цмок… Трэба не мяняць цмокаў - трэба змяняць краіну, у якой цмок жыве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі