Традыцыйны веснавы кірмаш Казюкі адрадзілі ў беларускай сталіцы

Хутчэй за ўсё мінчукі ездзілі на гэты кірмаш у Вільню, гэтаксама як жыхары Варшавы і Кракава. Справа ў тым, што на віленскіх Казюках прадавалася шмат брэндавых рэчаў, як напрыклад смаргонскія баранкі, якія вырабляліся на Віленшчыне і вялікімі партыямі паступалі ў тым ліку ў Польшчу. Віленскі кірмаш звычайна доўжыўся як найменш тры дні, пакуль не прадаваўся ўвесь тавар. Свята заканчвалася толькі пасля нейкага мінімальнага камерцыйнага поспеху.

Гісторык архітэктуры і фатограф Дзяніс Салаш распавёў еўрарадыё, што мінімальны камерцыйны поспех мелі і сёлетнія мінскія Казюкі, што адбыліся ў катэдры. 

Дзяніс Салаш: Гэта адбылося ў мінскай катэдры, у нартэксе - памяшканні пры ўваходзе ў каталіцкі храм. Там была зробленая міні-выстава, быў вялікі абраз святога Казіміра, які мы атрымалі ад Алеся Белага, гэта не касцельны, а хатні абраз, велічынёй два метры, даволі прадстаўнічы. Было бачна, што праходзіць свята Казюка.

Сярод традыцыйных тавараў на менскіх Казюках былі смаргонскія баранкі, а таксама пернікі ў выглядзе сэрца.

Дзяніс Салаш: Найперш гэта смаргонскія баранкі. Таксама сэрцы казюковыя – гэта сэрцы святога Казіміра, якія ў нашым краі былі аналагам валянцінак. Хлопцы, што баяліся прызнацца ў каханні да дзяўчыны часта менавіта на святога Казіміра ўпершыню сціпла дарылі пернік у выглядзе сэрца. Гэта і азначала прызнанне ў каханні. Сярод атрыбутаў таксама вербы, якія ў каталікоў называюцца пальмы.

Звычайна на Казюках ладзяцца таксама конкурсы, але ў Менску сёлета іх не было. Дзяніс Салаш распавядае, што на віленскіх і познаньскіх Казюках узнагародай за конкурс звычайна былі журавіны, бо менавіта з журавінаў робяць традыцыйны казюковы напой - кісель або морс. Увогуле, кулінарны аспект вельмі моцна задзейнічаны ў гэтым свяце, бо хоць свята і каталіцкае, але арганізаванае для свецкіх людзей, можна сказаць народнае.

Свой пачатак свята бярэ ад гарадзенскага каралевіча Казіміра. Па словах Дзяніса Салаша каралевіч Казімір жыў у Гародні і памёр вельмі маладым. Ён быў вельмі хваравітым і яго вельмі часта можна было сустрэць у касцёле, таму ўжо пры жыцці яго лічылі святым.

Дзяніс Салаш: Святы Казімір самы знакавы, самы галоўны і практычна самы першы каталіцкі святы Вялікага княства літоўскага. Таму ў гэты дзень каталіцкі касцёл робіць зніжку, дазваляе мінімум вяселля.

У гэты дзень не толькі дазваляюцца няпосныя стравы, можна нават спяваць казюковыя песні, таньчыць. У Познані напрыклад збіраюцца музычныя калектывы з усёй Польшчы, з Вільні, з Гродна і адбываюцца музычныя конкурсы.

фота: http://belapan.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі