Толькі ў Івацэвічах недастаткова подпісаў для правядзення Народнага сходу

111006 IvashkevichS.mp3

Еўрарадыё: Чым скончыўся ваш паход у Генпракуратуру?

Віктар Івашкевіч: Дзве гадзіны цягнулася гаворка. Асноўныя тэмы – гэта права прымянення закона аб масавых мерапрыемствах і закона аб мясцовых сходах. Супрацоўнікі пракуратуры сказалі, што ў іх цяжкасці з размежаваннем гэтых законаў. Мы сказалі, што разумеем іхныя цяжкасці і, калі ў іх узнікаюць пытанні, раім ім звярнуцца да заканадаўства, у Палату прадстаўнікоў, каб ім далі больш падрабязныя тлумачэнні аб прымяненні гэтых законаў.На сёння гэтыя два законы існуюць, і іх трэба выконваць. Яны папярэдзілі нас аб недапушчальнасці парушэння закону аб масавых мерапрыемствах. Мы пагадзіліся з гэтым і сказалі, што абсалютна не збіраемся яго парушаць, бо мы дзейнічаем у адпаведнасці з законам аб мясцовых сходах. І са свайго боку папярэдзілі іх пра недапушчэнне парушэння закону аб мясцовых сходах.У канцы гутаркі мы спыталі, ці будуць нас арыштоўваць, на што супрацоўнікі пракуратуры сказалі, што нікога арыштоўваць не збіраюцца, і яны настроены на дыялог. Пабачым, як 8 кастрычніка гэты дыялог будзе адбывацца. Мы папярэдзілі пракуратуру, што калі людзям, якія прыйдуць да Бангалор будуць зробленыя нейкія перашкоды сабрацца ў парку, то людзі будуць вымушаны шукаць па горадзе іншую пляцоўку для збору, і каб яны падумалі, ці патрэбна гэта ўладзе.

Еўрарадыё: Але пракуратура не з’яўляецца тым ведамствам, якое затрымлівае. Затрымліваюць звычайна спецназаўцы і г.д.

Івашкевіч: Выходзячы з пракураты, мы пайшлі ў офіс на Кульман 4, ні спецназаўцы, ні міліцыя нас не затрымлівалі. Мы ж не канспіруемся і адкрыта ходзім.

Еўрарадыё: На гэтай сустрэчы былі толькі прадстаўнікі генпракуратуры ці таксама былі і прадстаўнікі іншых ведамстваў?

Івашкевіч: Нам было сказана, што гэта прадстаўнікі толькі Генпракуратуры, а канкрэтна з намі размаўляў начальнік упраўлення Павел Радыёнаў.

Еўрарадыё: На гэтае мерапрыемства заява не падавалася?

Івашкевіч: Не, бо калі б мы падалі заяву на правядзенне масавага мерапрыемства, мы б дзейнічалі адпаведна з законам аб масавых мерапрыемствах, а мы збіралі подпісы для правядзення Народнага сходу. Мы ім тлумачылі, што гэта будзе мясцовы сход, і далі ім адзін з некалькіх лістоў сабраных подпісаў.

Еўрарадыё: Мясцовыя сходы таксама плануюцца і па рэгіёнах Беларусі. Ці збіраліся подпісы па рэгіёнах?

Івашкевіч: Так. Справа ў тым, што паўсюль, дзе былі створаныя аргкамітэты, там збіраліся подпісы і ў большасці гарадоў такія подпісы сабраліся. Там, дзе аргамітэтам не ўдалося сабраць неабходную колькасць подпісаў, яны прыйдуць на ўказаныя месцы каб абвясціць, што сходу не будзе, бо не ўдалося сабраць дастатковую колькасць подпісаў. Але, здаецца, такая сітуацыя толькі ў Івацэвічах.

Еўрарадыё: Якую колькасць подпісаў трэба было сабраць?

Івашкевіч: Самае меншае, каб правесці адкрыты сход жыхароў, дастаткова 10% жыхароў аднаго дома, тады праводзіцца адкрыты сход жыхароў аднаго дома, на які запрашаюцца ўсе жыхары гэтага горада. У Мінску сабрана каля 5 тысяч подпісаў у дзясятках дамоў. У абласных цэнтрах таксама пад дзесяць дамоў. У некаторых маленькіх гарадах жыхары вуліцы сабралі подпісы ці жыхары аднаго дому, што дастаткова.

Еўрарадыё: А юрыдычна, калі збіраюцца подпісы жыхароў дома, яны маюць права праводзіць адкрыты сход у парку ці ў іншым месцы, не каля дома?

Івашкевіч: Паводле закона, арганізатары самі выбіраюць месца правядзення сходу, як гэта зручней. У сувязі з тым, што ў Мінску подпісы збіраліся па ўсіх раёнах, мы выбралі Бангалор. Мы сыходзілі з таго, што ёсць месцы, якія вызначаныя выканкамамі для правядзення масавых мерапрыемстваў і сходаў грамадзянаў, туды і абвяшчаўся збор людзей.

Еўрарадыё: Калі ўсё ж будуць затрыманні, ці ўдзельнікі Народнага сходу там, дзе ўдалося сабраць гэтыя подпісы, пазней змогуць абскарджваць у судзе тое, што яны парушалі закон?

Івашкевіч: Натуральна, і ў гэтым нам будзе дапамагаць, ёсць дамоўленасць, юрыдычная служба ПЦ “Вясна” і прафсаюз РЭП. І такая дапамога ўжо ёсць, бо некалькі чалавек былі асуджаныя за распаўсюджанне інфармацыі аб Народным сходзе, адвакаты падалі скаргі на перагляд гэтых рашэнняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі