Таццяна Севярынец: Нас з Паўлам караюць за шматлікія скаргі

Суддзя суду Заводскага раёна Мінску Жана Брысіна, якая 11 траўня будзе весці судовы працэс над сустаршынём аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўлам Севярынцам, адмовіла яму ў сустрэчы з маці і святаром.

Пра гэта Еўрарадыё распавяла маці Паўла Севярынца Таццяна Севярынец:

“Сёння зранку я атрымала два лісты з Заводскага суду горада Мінска. Першы ліст, дзе мне было сказана, што спатканне з сынам можа быць толькі пасля агучвання прысуду, гэта першае. А другое, што вырашэнне гэтага пытання аб сустрэчы з святаром, яно не ў кампетэнцыі суддзі. І два гэтыя лісты за подпісам суддзі Жанны Брысінай, якая і будзе судзіць Паўла”.

Таццяна Севярынец выказала меркаванне, што такім чынам іх з Паўлам караюць за шматлікія скаргі і адмову Паўла Севярынца ад пачатку супрацоўнічаць са следствам.

Нагадаем, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Павел Севярынец падчас мінулай выбарчай кампаніі быў кіраўніком штабу іншага сустаршыні БХД, кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Севярынец быў затрыманы ў ноч пасля выбараў і ўвесь гэты час знаходзіцца ў СІЗА КДБ, так званай “амэрыканцы”. У турме Павел адмаўляецца даваць паказанні.

Разам з Севярынцам будуць судзіць Ірыну Халіп і Сяргея Марцалева. Усіх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле у іх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі