Сувеніры да ЧС па хакеі ў Мінску робяць 25 прадпрыемстваў (фота)

“Вось літаральна на гэтым тыдні мы ва ўнівермаг “Беларусь” адправім 25 шайб і некалькі клюшак. У Мінску яны ёсць ва ўсіх буйных крамах”, — гавораць мне не на фабрыцы па вытворчасці спартыўнага інвентару, а на Барысаўскім крышталёвым заводзе.

Заняцца клюшкамі і шайбамі барысаўскіх крышталеробаў змусіла не добрая воля, а правядзенне чэмпіянату свету па хакеі, які адбудзецца ў траўні наступнага года ў Мінску. Прадпрыемства засвоіла выраб шайб і двух відаў клюшак. Рабіць гэтую прыгажосць там пачалі яшчэ мінулай восенню. Прадалі з таго часу каля 600 штук. Высокі кошт (клюшкі каштуюць па 256-320 тысяч) тлумачаць ручной працай. На ўсім Барысаўскім крышталёвым заводзе толькі пяць чалавек з узорнай брыгады валодаюць адпаведнай кваліфікацыяй.

Акрамя барысаўчан, вырабам сувенірнай прадукцыі займаюцца яшчэ як мінімум 24 беларускія прадпрыемствы. Прынамсі, столькі іх у спісе пастаўшчыкоў тавараў з лагатыпам ЧС-2014, якім з Еўрарадыё падзяліўся загадчык аддзела продажу нехарчовых тавараў мінскага ГУМа. Геаграфія велізарная — Гомель, Баранавічы, Бярозаўка, Салігорск, Пінск, Полацк. У апошнім “сувеніркай” займаецца друкарня са шматабяцальнай назвай “Спадчына Ф.Скарыны”. Робяць значкі, магніты і блакноты. Прадаюць па ўсёй Беларусі.

“У асноўным Мінск, але ёсць і Магілёў, і Ліда. Прыдарожны сэрвіс звяртаецца з заяўкамі. Магчыма, хацелася б і больш, але вось пакуль яны развернуцца…”

Акрамя крышталёвых клюшак і значкаў, лагатып ЧС-2014 года можна пабачыць на кепках, майках, ручніках, шклянках, талерках, фуфайках і нават на гальштуках. А вось сапраўдных хакейных клюшак і шайбаў з сімволікай беларускага чэмпіянату свету пакуль няма.

Як даведалася Еўрарадыё, замовы сувеніраў і іх размеркаванне па крамах курыруюць адразу два міністэрствы — гандлю і прамысловасці. Бліжэй да траўня 2014 года чакаецца рэзкае павелічэнне аб’ёмаў сувенірнай вытворчасці.

У ГУМе хакейную "сувенірку" прадаюць у адным, адмыслова арганізаваным месцы.

Самы дарагі знойдзены намі сувенір  — керамічная талерка за 534600 рублёў. Прадаецца ў ЦУМе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі