Студэнты-правапарушальнікі ў праграме Каліноўскага?

110922 Jaszczanka Kalinoucy.mp3

Накіраванні разам з пасведчаннямі аб заканчэнні курсаў польскай мовы ўручылі ім у адной з залаў Варшаўскага універсітэта.

Дырэктар стыпендыяльнай праграмы Ян Маліцкі распавёў Еўрарадыё, колькі студэнтаў з першага набору праграмы ўжо атрымалі дыпломы.

Ян Маліцкі: Дваццаць студэнтаў ужо маюць дыпломы на руках. Яшчэ 40-50 чалавек павінны скончыць вучобу да 30 верасня. Канкрэтна сказаць не магу, бо часта студэнты пераносяць абарону сваіх дыпломных працаў. Дакладную колькасць выпускнікоў з першага набору будзем ведаць у канцы года”.

Пытанне пра колькасць выпускнікоў прагучала невыпадкова. Стыпендыяльную праграму часта крытыкуюць за тое, што некаторыя студэнты-каліноўцы парушаюць  дысцыпліну ў студэнцкіх інтэрнатах і па-за імі. Некаторыя, паводле словаў іншых студэнтаў і выкладчыкаў, амаль не звязаныя з беларускім дэмакратычным рухам і не толькі не ведаюць гісторыі сваёй Бацькаўшчыны, але і не размаўляюць па-беларуску. Таму сапраўды цікава, што ж для студэнтаў з Беларусі з’яўляецца прыярытэтным: атрымаць прэстыжную еўрапейскую адукацыю ці пагуляць у барах Варшавы, Кракава ці Вроцлава?

Ян Маліцкі: “Сапраўды для нас, для нашай праграмы найважнейшымі з’яўляюцца тыя студэнты, якія давучацца і абароняць дыпломы”.

А што ж з іншымі, якія парушаюць не толькі дысцыпліну, але і закон? Канкрэтна гэта датычыць аднаго з удзельнікаў праграмы імя Каліноўскага, які нядаўна быў затрыманы паліцыяй горада Вроцлаў. Расказвае знаёмая студэнта з Беларусі, якога падазраюць ва ўчыненні крадзяжу.

Дзяўчына: “Вядома, што яго затрымала паліцыя, калі ён спрабаваў скрасці аўтамагнітолу. Калі мы толькі пазнаёміліся, ён здаваўся нармальным маладым чалавекам, але зараз ён п’е, нічога не робіць, прапускае заняткі”.

Дырэктар стыпендыяльнай праграмы Ян Маліцкі адмовіўся каментаваць скандальную сітуацыю, якая склалася вакол маладога зламысніка з Беларусі. Не пацвердзіў ён і выключэння студэнта з праграмы.

Ян Маліцкі: “Ой не, не хацеў бы ў СМІ пра гэты выпадак казаць. Толькі магу сказаць, што розныя людзі ёсць: ёсць такія, якія добра сябе паводзяць, а ёсць такія, якія пэўных нормаў не выконваюць. Па гэтай справе ў нас пакуль што няма рашэння”.

Неўзабаве ў польскіх ВНУ пачынаецца новы навучальны год. Не звяртаючы ўвагі на непрыемныя прыклады, застаецца толькі спадзявацца на тое, што каліноўцы і старых, і новага набораў прыехалі ў Польшчу сапраўды вучыцца і што атрыманыя імі веды паслужаць на карысць дэмакратычнай ды незалежнай Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі