Колькі каштуе службовае аўто для чыноўнікаў?

120904 Savi4 Avto.mp3

Старшыня Ельскага райвыканкаму Леанід Пісанік ездзіць на Nissan. У выканкаме кажуць, што “машына літаральна развальваец ца”, таму тэрмінова патрэбна новая. Пажадана гэта будзе Touareg V6 TDI Tiptronic. Цана ў 600 мільёнаў рублёў не бянтэжыць:

“Гэта ж самы танны варыянт. Вы адкрыйце інтэрнэт — цана для гэтай мадэлі аўтамабіля і з такой камплектацыяй найменшая!”

У Гомельскім аблвыканкаме з вялікімі ваганнямі кажуць, што цана для аўтамабіля старшыні раённага выканкама можа і нармальная. Распавядае намеснік кіраўніка упраўлення справамі Гомельаблвыканкама Петр Гавароўскі:

“Старшыня бачыць, што ў іншых ёсць такі аўтамабіль, таксама хоча такую машыну, каб не адрознівацца. Яму на раёне больш бачна, што ў яго кішэні ляжыць, у раённым бюджэце. Не ведаю, як у райвыканкаме, але ў аблвыканкаме 50% аўтамабіляў маюць тэрмін службы болей за 10 гадоў, прабег да 800-900 тысяч кіламетраў!”

Нават губернатар Гомельскай вобласці Уладзімір Дворнік, як расказваюць падначаленыя, “доўга не пагаджаўся купляць новае службовае аўто”: Audi А8 за... 123 тысячы долараў!  Гомельская вобласць адна з апошніх памяняла старую Toyota на Audi А8. Старая машына губернатара “Toyota” нікуды не дзелася. Яна ў гаражы і возіць кіраўніка меншага па чыну.

Чыноўнік заўважае, што службовае аўто маркі Audi А8 маюць усе губернатары, згодна з асобым распараджэннем прэзідэнта. Гэтае ж распараджэнне адносіцца і да службовых аўто для старшынь райвыканкамаў і астатніх чыноўнікаў:

“Машыны для губернатараў маюць тэрмін эксплуатацыі. Для губернатара гэта пяць гадоў, для кіраўнікоў упраўлення — шэсць. Пазначана, якія аўтамабілі трэба купляць: для губернатараў — марка Audi А8. Для старшынь выканкамаў — свае маркі”.

Еўрарадыё тэлефануе па іншых райвыканкамах краіны: ці паўсюль выконваюць распараджэнне прэзідэнта?

Старшыня Бярозаўскага райвыканкама Юрый Наркевіч — самы сціплы. Асабісты аўтамабіль старшыні — Volvo, па службовых справах ездзіць на KIA. Гэтую машыну старшыня купіў тры гады таму за смешныя грошы ў 54 мільёны рублёў. Машынай вельмі задаволены:

“Зручная, не ламаецца. Я выбіраў якасную машыну. Тры гады таму купляў, тады яна каштавала, як "Ніва Шэўрале". Мы разам з Івацэвіцкімі калегамі купілі: і ён задаволены, і я”.

У старшыні Бабруйскага выканкама Дзмітрыя Боханава службовы Mercedes. Кіроўца старшыні Бабруйскага выканкама распавядае, што аўтамабіль стары:  

“На Mercedes старшыня ездзіць з 2002 года”.


У старшыні Карэліцкага выканкама адразу дзве Toyota — Toyota RAW-4 і Toyota Avensis. Адну з іх купілі ў гэтым годзе. Агучыць цану ў выканкаме адмаўляюцца: маўляў, “мы ж не з рэспубліканскага бюджэту фінансаваліся”!

Старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі ездзіць на Volkswagen Passat пяты год. Службовы кіроўца Генадзь расказвае, што Віктару Іванавічу вельмі падабаўся Volkswagen, бо раней у яго быў такі асабісты аўтамабіль:

“Сапраўдны народны аўтамабіль! Просты ў абслугоўванні, ніякіх асаблівых паломак не было”.


Зараз асабісты аўтамабіль ў Віктара Дзічкоўскага Audi А6. І цяпер зразумела, які аўтамабіль будзе наступны службовы...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі