Справу аб “здрадзе дзяржаве” даверылі “палітычнаму” следчаму?

“Я буду тэлефанаваць — пытацца, дзе ён знаходзіцца. Баюся, што мне нічога не скажуць. Я пастараюся і са следчым сустрэцца. Напішу паперу, каб мне дазволілі са следчым сустрэцца. Перавялі ў Віцебск… Я нават не ведаю, лепш гэта, альбо горш”, — расказвае Вольга Гайдукова, якая толькі-толькі даведалася ад адвакаткі аб пераводзе сына са сталічнага СІЗА КДБ у Віцебск.

121129_pilecki_hajdukou.mp3

Дзе цяпер знаходзіцца яе сын, Вольга не ведае. СІЗА КДБ у Віцебску няма, а ўтрымліваць у звычайным міліцэйскім СІЗА падазраванага ў такім сур’ёзным злачынстве проста несалідна. Невядома таксама, у якім статусе зараз знаходзіцца Гайдукоў — застаецца ён падазраваным, альбо хлопцу ўжо выстаўленыя абвінавачванні. Суцэльныя таямніцы.

Незразумелае таксама стаўленне да справы Гайдукова яго паплечнікаў і праваабаронцаў. Кіраўнік “Саюза маладых інтэлектуалаў” Яўген Канстанцінаў, паплечнікам якога быў Гайдукоў, расказвае, што палітвязнем Андрэя пакуль не лічаць.

“Меркаванні раздзяліліся. Зараз мы збіраем больш інфармацыі пра Андрэя, каб яму можна было надаць статус палітвязня. Адназначна гэтае пытанне пакуль не вырашанае”.

Але адну таямніцу гэтай справы ўсё ж удалося раскрыць. Як аказалася, следчым па ёй прызначаны не хто іншы, як Алег Барысевіч. Упершыню ён “засвяціўся” у СМІ, калі летам 2010 года у Віцебску раскрыў групу міліцыянтаў, якія незаконна праводзілі следчыя эксперыменты, у выніку чаго за краты траплялі невінаватыя людзі.

А з пачатку зімы 2011 прозвішча Барысевіча пачало фігураваць у “палітычных” справах. Наста Палажанка, якая пасля выбараў-2010 некалькі месяцаў правяла ў “амерыканцы”, называе Барысевіча знешне прыстойным чалавекам.

“Ён дастаткова прыстойна сябе паводзіў. Знешне, прынамсі. Не дазваляў сабе павышаць на мяне голас, не скажу, каб быў непрадказальным, альбо неадэкватным”.

У праваабаронцаў да Барысевіча больш пытанняў. У “Вясне” расказваюць, што неаднаразова фіксавалі парушэнні падчас следчых дзеянняў, якія той праводзіў. Ды і справы,якімі ён займаецца апошнія гады, мякка кажучы — “з душком”. Па словах той жа Палажанкі, у Барысевіча на допытах пабываў амаль увесь “Малады Фронт”.

“На допыты гэты следчы выклікаў практычна ўсіх актывістаў “Маладога Фронту”. І людзей, якія мяне ведаюць. Праз яго шмат хто прайшоў. І пастараў царквы выклікаў з Навагрудка. Дапытваў Лойку, Дземідзенку, Кіркевіч яго бачыў. Ён даволі папулярная цяпер персона”.

Як даведалася Еўрарадыё, іншага фігуранта справы аб “здрадзе дзяржаве”, Іллю Багданава, на допыты пасля начной паездкі з Віцебска ў Мінск больш не клікалі. Толькі на працы праблемы ўзніклі. Але да звальнення пакуль не дайшло — у хлопца дзейнічае кантракт да 2014 года.

“На допыты гэты следчы выклікаў практычна ўсіх актывістаў “Маладога Фронту”. І людзей, якія мяне ведаюць. Праз яго шмат хто прайшоў. І пастараў царквы выклікаў з Навагрудка. Дапытваў Лойку, Дземідзенку, Кіркевіч яго бачыў. Ён даволі папулярная цяпер персона”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі