Следчы камітэт Расіі пацвярджае кантакты апазіцыянераў і Таргамадзэ

Пра гэта сёння заявіў афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Расіі Уладзімір Маркін, паведамляе РІА "Новости".

Нагадаем, восенню 2012-га была распачатая крымінальная справа па артыкуле "падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў". Сярод іншых па ёй праходзіць каардынатар "Левага фронту" Сяргей Удальцоў. Усё пачалося з фільма НТВ "Анатомія пратэсту-2" аб дзейнасці расійскай апазіцыі. У ім сцвярджалася, што апазіцыянеры на грошы з-за мяжы рыхтуюць сілавы захоп улады. Было паказанае відэа, дзе Удальцоў і яго калегі размаўляюць з былым старшынёй парламенцкага камітэта Грузіі па абароне і бяспецы Гіві Таргамадзэ (на здымку).

Падчас праверкі было высветлена, што запіс сустрэчы сапраўдны, а само спатканне адбылося ў Мінску ў другой палове чэрвеня.

Паводле слоў Маркіна, расследаванне справы працягваецца, вывучаюцца іншыя сабраныя матэрыялы, праводзяцца экспертызы.

Фота — ria.ru