Скарына ў 10 разоў папулярнейшы за Лукашэнку

Кампанія “Будзьма беларусамі!” сумесна з лабараторыяй “Новак” прэзентавала вынікі апытання “Гістарычная памяць беларусаў”.

Спачатку ў людзей пыталіся, дзе вытокі беларускай дзяржаўнасці. Найпапулярнейшы адказ — ВКЛ (44,8%), затым ідзе Полацкае і Тураўскае княствы (25%), троху адстае БССР (18,2%), замыкае спіс БНР (9,9%). Кожны шосты ўвогуле не можа адказаць на гэтае пытанне.

Чырвона-зялёны сцяг і дзейны герб лічаць сваімі 67,5 % апытаных. “Пагоню” і бел-чырвона-белы сцяг называе сваімі кожны дзясяты.

Калі беларусаў папрасілі назваць самага вядомага гістарычнага дзеяча, наперадзе апынуўся Францыск Скарына, якога назваў кожны пяты. Кожны дзясяты назваў Пятра Машэрава. Троху адстаюць Кастусь Каліноўскі і Еўфрасіння Полацкая. Самае цікавае, што Аляксандр Лукашэнка і Тадэвуш Касцюшка набралі абодва па 2,2%, замыкаюць спіс Сапега і Вітаўт. Такім чынам, Скарына ў 10 разоў папулярнейшы за цяперашняга прэзідэнта. Але ажно 40,5% апытаных увогуле не змаглі назваць ніводнага гістарычнага дзеяча.

Калі ж у людзей спыталіся, каму варта паставіць помнік у іх горадзе, 72% мінчукоў і 83% немінчукоў адказалі, што ім гэта абсалютна няважна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі