Штотыдзень у чарнобыльскай зоне затрымліваюць 5-6 "сталкераў"

Чарнобыльская зона на тэрыторыі Украіны пачынаецца з кантрольна-прапускнога пункту і ахоўваецца батальёнам міліцыі. Пры ўездзе ў “зону” радыяцыя толькі ўдвая перавышае дааварыйны ўзровень. Такі ж ўзровень радыяцыі ў самім Чарнобылі. Тут жывуць і працуюць служачыя АЭС. Яе абслугоўваюць 3,5 тысячы чалавек.

Дазволены ўзровень апраменьвання для іх складае 2 бэры ў год. Для іншых людзей ён мусіць быць толькі 0,1 бэра.

“Тут жывуць каля 210 самасёлаў. У Чарнобылі каля 110. Яшчэ сотня жыве ў 9-10 вёсках. У Чарнобылі і тых вёсках, дзе жыве большасць самасёлаў, фон перавышае прыродны ўсяго ў 2 разы. Тут галоўнае не фон, а паступленне нуклідаў з ежай, з паветрам, калі ёсць пыл”, – кажа першы намеснік старшыні агенцтва па кіраванні зонай адчужэння Зміцер Бабро.

Напрыклад, у чарніцах узровень радыяцыі можа быць большы ў 100 разоў. У мясе жывёл – у 20 разоў. Людзі ў “зоне” жывуць з таго, што вырошчваюць самі. За ўзроўнем радыяцыі ў гэтых прадуктах сочыць адмысловая служба маніторынгу, кажа Зміцер. Раз на тыдзень ім прывозяць хлеб.

У Чарнобылі месціцца музей, будынак адміністрацыі. Ёсць нават крама і царква.

За мінулы год “зону” наведалі каля 8 тысяч чалавек. Часам даводзіцца затрымліваць “сталкераў”.

Зміцер Бабро: “Гэта ці то браканьеры, ці то людзі, якія ідуць сюды, каб знайсці металічныя прадметы і здаць іх пасля на металалом. У прынцыпе, ёсць дастаткова арганізаваныя сталкеры, якія не трапляюцца міліцыі”.

Пры гэтым яны нясуць вялікую небяспеку для сваіх блізкіх, кажа Зміцер Бабро. Бо легальныя наведнікі зоны праходзяць кантроль на дазіметры, каб не вынесці на сабе радыеактыўны пыл. А нелегалам пагражае штраф, калі няма абцяжарваючых абставінаў. Небяспеку таксама ўтвараюць і дзікія зверы. Так, некалькі гадоў таму на супрацоўнікаў станцыі напаў воўк, прыгадвае Зміцер Бабро.

Будынак 4-ага энергаблоку

Адзін з будынкаў станцыі

Такія самы жывуць у вадаёме каля станцыі

Каля станцыі ўзровень радыяцыі ў 5-6 разоў вышэйшы за прыродны. Найбольш высокі ён у зоне чацвёртага энергаблоку, які прыкрыты купалам. У некаторых схаваных памяшканнях пад купалам узровень радыяцыі можа даходзіць да 700 тысяч рэнтген, кажа супрацоўніца інфармацыйнай службы зоны адчужэння Юлія Марусіч.

Мадэль рэактара 4-ага энергаблоку

Але ў глядацкім пакоі ўзровень радыяцыі нязначны.

Марусіч: “У гэтым памяшканні 0,3 мілірэнтгена і 0,6 мілірэнтгена за межамі нашага памяшкання”.

Цяпер на станцыі ідзе будоўля, працягвае Юлія Марусіч. Будуецца арка над энергаблокам, каб мінімізаваць існуючую рызыку.

Марусіч: “Гэта арачнае прыстасаванне – новы бяспечны канфайнмент. Яго мэта – абарона ад існуючых рызык. Таму што рызыка разбурэння рэактара ўсё яшчэ ёсць. Наогул, усе працы, якія вядуцца, скіраваныя на знішчэнне рызыкі”.

Гэтае арачнае прыстасаванне каштуе 900 мільёнаў еўра. На донарскай канферэнцыі 19 красавіка ўдалося сабраць больш за палову гэтай сумы - 550 мільёнаў. А дабудаваць арку збіраюцца ў 2015 годзе.

У закінутым горадзе Прыпяць узровень радыяцыі ў 10-15 разоў вышэйшы, чым у Чарнобылі. Паміж пустымі шматпавярховымі дамамі і адміністрацыйнымі будынкамі растуць высокія дрэвы.

Прыпяць

Намеснік старшыні адміністрацыі “зоны” Дзмітры Бабpо раіць хадзіць тут толькі па асфальце, каб не прынесці з сабой радыеактыўны пыл. У Прыпяці ніхто не жыве. Хаця ў 1986 годзе насельніцтва горада было 48 тысяч чалавек. А насельніцтва Чарнобыля толькі 18 тысяч.

Прыпяць

Намеснік старшыні адміністрацыі “зоны” кажа, што некаторыя тэрыторыі Чарнобыльшчыны праз колькі дзесяцігоддзяў змогуць быць адкрытымі. Але на пэўнай плошчы радыеактыўны фон будзе заўжды.

Зміцер Бабpо: “Цяпер зона адчужэння - 2 тысячы квадратных кіламетраў. Разам з зонай абавязковага адсялення – 2,6 тысячы кіламетраў. З гэтай “зоны” каля тысячы кіламетраў ніколі не будзе адкрытымі. На ёй заўжды будзе радыеактыўны фон”.

На думку Зміцера Бабpо, атамная энергетыка і сёння мусіць існаваць, але рызыка мусіць быць найменшай.

“Ёсць простае патрабаванне, якое пакуль, на жаль, не выконваецца. Рэактар мусіць валодаць якасцю ўнутранай самаабароннасці. Гэта значыць, пры любых уздзеяннях, за кошт натуральных працэсаў усё будзе нармалізавана”.

На сёння ж рэактараў, якія былі б цалкам небяспечнымі няма, упэўнены Зміцер Бабpо.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі