Што новага сказаў і аб чым прамаўчаў Лукашэнка ў пасланні

Новы зварот кіраўніка краіны быў нечакана кароткім. Усяго 2 гадзіны з хвастом. Гэта амаль у два разы менш, чым у мінулым годзе. Але і адносна непрацяглага выступу хапіла, каб напалохаць чыноўнікаў. На пачатку дасталася кіраўнікам прадпрыемстваў.

“Нягледзячы на станоўчую дынаміку, актыўна растуць запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў. Як у абсалютным, так і ў адносным выражэнні. На 1 красавіка на складах сабралася прадукцыі на 30 трыльёнаў рублёў. Практычна ў два разы больш, чым у мінулым годзе. У чым справа?” — заявіў кіраўнік краіны і адразу пераключыўся на мадэрнізацыю і ўступленне ў WTO.

Як аказалася, мадэрнізацыю Беларусь ужо збіраецца завяршаць. Зрабіць гэта вымушае членства Расіі ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі — тавары недамадэрнізаваных прадпрыемстваў не вытрымліваюць канкурэнцыі. Пры гэтым сама Беларусь уступаць туды пакуль не збіраецца. Лукашэнка нават расказвае пра існаванне таямнічых плюсаў гэтага. Але не называе іх.

Яшчэ з новасказанага кіраўніком краіны запомняцца просьбы. Чыноўнікаў, напрыклад, Лукашэнка папрасіў… не красці. Так і сказаў — не крадзіце, родныя.

“Не чапайце чужога! Бокам жа выйдзе… Вы ж усе веруючыя. У храме часам думаю, зараз кінуцца на падлогу і будуць біць ілбом у гэтую падлогу. Свечкі трымаюць у руках. Дык, родныя мае, калі вы прыходзіце ў храм, калі вы так шчыра верыце, навошта ж вы крадзеце?! Чаму вы дрэнна працуеце? Я штосьці выдумаў тут? Не!”

На гэтым прэтэнзіі да чыноўнікаў не закончыліся. У нейкі момант кіраўнік краіны заклікае іх “прыдумаць нейкае новае рашэнне”. Амаль як у казцы пра “прынясі тое, не ведаю што”. Дзіўнавата, як для паслання народу і парламенту.

А вось пра адносіны з ЕС і ЗША кіраўнік краіны амаль не гаворыць. Пра палітвязняў — увогуле ні слова. Адмова ад узняцця вострых тэм можа быць своеасаблівым рэверансам у бок Захаду. Праўда, Лукашэнка ўсё ж папрасіў ЗША не ўбіваць клін паміж Беларуссю і Расіяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі