Што належыць прэзідэнцкім структурам? (спіс)

“Мы з'яўляемся самым буйным аператарам на рынку нежылой нерухомасці ў Рэспубліцы Беларусь… Забяспечваем эфектыўнае выкарыстанне каля 400 будынкаў і збудаванняў… Здаём у арэнду памяшканні ў адміністрацыйных будынках сталіцы і абласных цэнтрах”, — гэта ўсё піша пра сябе Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

Акрамя нерухомасці, ГГУ валодае салонам прыгажосці, падае паслугі доступу ў інтэрнет і нават распрацоўвае сайты. Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне — толькі адна з падпарадкаваных Кіраўніцтву справамі прэзідэнта структур. Акрамя яе, ёсць яшчэ цэлы спіс установаў, арганізацый і кампаній, сярод якіх некалькі санаторыяў, будаўнічых кампаній, гандлёва-лагістычны цэнтр, выдавецтвы. А таксама ўсе нацыянальныя паркі Беларусі.

Еўрарадыё звярнулася ў некаторыя паркі па каментар. Цікава ж, як жывецца пад непасрэдным кіраўніцтвам такога высокага органа. Але размаўляць аб ведамаснай прыналежнасці паўсюль адмаўляюцца. Гавораць толькі, што Кіраўніцтву справамі прэзідэнта належаць ад моманту стварэння — з сярэдзіны 1990-х.

Спецыяліст па экалагічным праве Рыгор Фёдараў звязвае стварэнне нацыянальных паркаў і іх падпарадкаванне Кіраўніцтву справамі прэзідэнта банальнай прычынай — жаданнем атрымаць прыбытак.

“Пераход азначаў толькі тое, што Кіраўніцтва справамі прэзідэнта хацела атрымліваць прыбытак з гэтых тэрыторый. І ўсё. Пасля змены вышэйшага органа ў нацыянальных парках пачаліся пастаянныя скандалы. У "Прыпяцкім", напрыклад, знішчылі дубы, каб нейкія вырабы зрабіць, каб прадаць драўніну за мяжу. Усе падобныя справы пачалі з’яўляцца толькі пасля такога перападпарадкавання”.

Расказвае Рыгора Фёдараў і пра іншыя цікавыя рэчы. Напрыклад пра тое, што інспекцыі з Мінпрыроды могуць прыехаць у нацыянальныя паркі, толькі атрымаўшы дазвол у Кіраўніцтве справамі прэзідэнта. Альбо пра з’яўленне пры некаторых нацыянальных парках паляўнічых гаспадарак, дзе абслугоўваюцца замежныя турысты. А таксама пра скарачэнне колькасці навуковых супрацоўнікаў ва ўсіх нацыянальных парках і павелічэнне колькасці паляўнічых ды адміністратараў.

Яшчэ адным органам, непасрэдна звязаным з інстытутам прэзідэнта, з’яўляецца Адміністрацыя кіраўніка краіны. Ёй падпарадкаваныя Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі, Прэзідэнцкая бібліятэка, інфармацыйнае агенцтва “БелТА”, Акадэмія кіравання, рэдакцыя газеты “Советская Белоруссия”, акцыянернае таварыства “БелАсептыка”.

Таксама ў дзяржаўных дакументах прыналежнасць “пры прэзідэнце РБ” пазначаная ў Следчага камітэта, Аператыўна-аналітычнага цэнтра, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, прадпрыемства “Белгіпрадор” (займаецца інжынернымі працамі, праектаваннем аўтамабільных дарог, аэрадромаў і штучных збудаванняў на іх).

Станіслаў Шушкевіч згадвае, што сваёй першай маёмасцю Адміністрацыя кіраўніка краіны пачала разжывацца адразу пасля свайго стварэння — яшчэ ў 1994 годзе (менавіта тады, напрыклад, было заснаванае Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва справамі прэзідэнта). Паводле першага кіраўніка незалежнай Беларусі, маштабы перадачы маёмасці былі вялікімі.

“Якое дачыненне мае Адміністрацыя прэзідэнта да нейкіх мастацкіх вырабаў, альбо да Лечкамісіі? Гэта справы ўрада. Але ўсё было прысвоена”.

Наколькі поўнымі з’яўляюцца даступныя звесткі аб уласнасці прэзідэнцкіх структур, меркаваць складана. Але ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі прэзідэнта сярод іншых знаходзяцца:

“Нацыянальны парк Белавежская пушча”;

“Рамонтна-будаўнічы трэст” — акрамя ліцэнзіі на разнастайныя будаўнічыя працы, мае права таксама аказваць транспартныя паслугі, а таксама здаваць у арэнду памяшканні;

“Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр” — адзін з найбуйнейшых медыцынскіх комплексаў у краіне;

“Рэспубліканскае ўнітарнае эксперыментальна-даследчае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Усход”;

“Палац Рэспублікі” — адна з буйнейшых канцэртных пляцовак Беларусі;

Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр “Сілічы”;

Выставачны цэнтр “Белэкспа”;

Установа “Дыпсэрвіс” — валодае гасцінічнымі комплексамі, памяшканнямі для пражывання, размяшчэння офісаў, а таксама месцамі актыўнага адпачынку, саунамі, тэніснымі кортамі;

Прадпрыемства “Скарбніца” — займаецца вырабам традыцыйных беларускіх сувеніраў;

Санаторый “Прыазёрны”;

Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва — займаецца інвестыцыямі ў будаўнічую галіну Беларусі, выконвае нагляд за будаўніцтвам;

Кампанія “Беларусьгандаль” — кантралюе экспарт і імпарт тавараў;

Бярэзінскі біясферны запаведнік;

Выдавецтва “Беларускі Дом друку”;

Гасцініца “Планета”;

Гандлёва-лагістычны цэнтр “Азярцо-лагістык” — акрамя лагістычнай дзейнасці, мае ліцэнзію на ажыццяўленне мытных паслуг і дзейнасці, звязанай з абарачэннем алкагольных і тытунёвых вырабаў;

Санаторый “Юнацтва”;

Прадпрыемства “Слуцкія паясы”;

Прадпрыемства “Трансміс-М” — аказвае камунальныя паслугі;

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па эксплуатацыі будынкаў “БелЭЗ”;

Санаторый "Баравое";

Прадпрыемства “Белмасткераміка”;

Дрэваапрацоўчае прадпрыемства “Ляскавічы”;

Мінская друкарня;

Лесагаспадарчае прадпрыемства “Краснасельскае”;

Лесагаспадарчае прадпрыемства “Цяцерынскае”;

Гасцінічны комплекс “Юбілейны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі