Школьнік з Ліды зняў кліп для новай песні Нейра Дзюбеля

На новым альбоме "Нейра Дзюбеля" бонусам з'явіцца кліп на песню "Батариен", які прыдумаў ды зняў 15-гадовы хлопчык з Ліды Арцём Гаўрон. Ідэю хлопчыку падказала яго стрыечаная сястра Іна Кашырына, яна ж і знялася ў галоўнай ролі. Па словах Арцёма, сюжэт да кліпа падказаў тэкст песні і сам Аляксандр Кулінковіч.

Арцём Гаўрон: "Аляксандр Міхайлавіч Кулінковіч казаў, як яму прыйшла ідэя гэтай песні, і сам прыпеў перакладаецца з балгарскай, як акумулятарны дрыль шрубавёрт. Ідэя была ў тым, што галоўная гераіня на пачатку кліпа пакутуе ад кахання да Аляксандра Кулінковіча. Яна наядаецца таблеткамі і ўсім тым, што пералічана ў першым куплеце песні, і ў яе пачынаюцца галюцынацыі – шрубавёрт, што лётае. На працягу ўсяго кліпа ён пераследуе гераіню і нарэшце забівае".

Арцём здымаў кліп у розных пакоях дома Іны ў вёсцы Агароднікі. Сам жа яго і мантаваў. Музыку ж давялося выразаць з відэа канцэртнага святкавання юбілею гурта, бо іншых запісаў у маладога рэжысёра не было. Гатовы варыянт Арцём перадаў Аляксандру Кулінковічу, якому так спадабаўся кліп, што яго было вырашана дадаць бонусам да новага альбома.

Аляксандр Кулінковіч: "На канцэрт з ноўтбукам прыйшла Іна. У грымёрцы мы паглядзелі гэты кліп, нам усім ён вельмі спадабаўся, гэта нават такі арт-хаўс. Потым мне яго пераслалі па пошце, і я яго выклаў на YouTube, на торэнты і мы яго ўключылі ў альбом".


Таксама бонусам да новага альбома будуць размешчаныя фота за апошнія тры гады існавання гурта і тэксты ўсіх песень з акордамі. Будзе там і яшчэ адзін кліп на песню "Космонавты", які здымаўся нязменным кліпмэйкерам "Дзюбялёў" Анатолем Вечарам. Праўда, на думку Аляксандра Кулінковіча, сярод новых песень не знайшлося такой, якая па папулярнасці ды хітовасці здолее "пераплюнуць" "Резиновый дом" ці "Можна жыць".

Аляксандр Кулінковіч: "Такога, што можа "пераплюнуць", напэўна, няма, але ёсць некалькі песень, якія мне вельмі падабаюцца. Напрыклад, песня, якую мы ў апошні момант уключылі ў альбом, называецца "Нельзя". Яна не зусім цэнзурная, і я прысвяціў яе Алегу Бябеніну. І ёсць песні, якія я не магу спяваць нават на рэпетыцыях, калі да іх даходзіць чарга. Песня "Жэтончык" мяне раздражняе і "Отстой", мы яе называем песня з гаваркой назвай".

Але Аляксандр дадаў, што гэта толькі яго стаўленне і на тое ёсць яго асабістыя прычыны, а іншым удзельнікам гурта гэтыя песні падабаюцца, а значыць спадабаюцца і публіцы. Тым больш, што па характары новая кружэлка нагадвае самога Кулінковіча.

Аляксандр Кулінковіч: "Гэты альбом атрымаўся самым падобным на мяне з усіх "Дзюбялёўскіх" альбомаў, на мой характар, на мой тэмперамент. Першапачаткова была прыдумана даволі сур'ёзная назва "Авторы правды", але потым падчас запісу ў альбоме з'явілася нейкае раздзяўбайства, якое ніяк не падыходзіла пад такую брутальную назву. І падумаў, чаму б не змяніць першае слова і зрабіць яго "падонкаўскім" - "афтар жжот" ці "афтар выпей яду". Тое ж зроблена і ў вокладцы: першая старонка вокладкі строгая, нават змрочная, а задняя частка стылізаваная пад нейкія дзіцячыя малюнкі - розныя касманаўцікі, ракеты. Збольшага я сам такі чалавек. Я адначасова і вельмі сур'ёзны і вельмі вясёлы".

Дарэчы вокладку рабіла мінская мастачка Ніка Сандрас.

Нагадаем, канцэртная прэзентацыя новага альбома гурта "Нейра Дзюбель" адбудзецца 11 лістапада ў сталічным "Рэактары". Музыкі адыграюць два аддзяленні, першае з якіх будзе цалкам складацца з новых песень.

Аляксандр Кулінковіч: "Першае аддзяленне, гэта прагонка па новаму альбому. Песні будуць выконвацца ў той жа паслядоўнасці, што яны знаходзяцца на дыску. А другое аддзяленне будзе прысвечана старым хітам гурта. Сюрпрызаў не рыхтуем. Гэта будзе звычайны, вельмі вясёлы ды гучны выступ гурта "Нейра Дзюбель".

Калі з'явіцца альбом "Афтары правды" ў музычных крамах, пакуль невядома, але Аляксандр паабяцаў, што кожны здолее набыць новую кружэлку падчас прэзентацыі.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі