Сёлета на "Басовішчы" чакаюць наплыў еўрапейскіх наведвальнікаў

Хэдлайнерамі "Басовішча-2011", якое пройдзе 22-24 ліпеня ў польскім Гарадку, стануць гурты Neuro Dubel, IQ48 і праект вядомых польскіх музыкаў R.U.T.A. Праўда, па словах старшыні Беларускага аб'яднання студэнтаў у Польшчы і арганізатаркі фэсту Касі Кузьміч, чакаецца і яшчэ адзін хэдлайнер, назва якога пакуль трымаецца ў сакрэце.

Кася Кузьміч: "Мы думаем пра адзін гурт, які не з Беларусі ды не з Польшчы, але вядомы ў нашых краінах. Пакуль не магу сказаць, пра які калектыў мы думаем, але хутчэй за ўсё нашая думка здзейсніцца".

Відаць, менавіта гэтым таямнічым гуртом арганізатары плануюць прыцягнуць увагу і заходнееўрапейскіх жыхароў.

Кася Кузьміч: "Сёлета паставілі мэту рэкламаваць фестываль "Басовішча" ў Заходняй Еўропе, каб прыцягнуць як магчыма больш моладзі адтуль, каб яны маглі паслухаць беларускую музыку. Беларусь у Еўрасаюзе прадстаўляюць як краіну, у якой няма нічога добрага і гэтак далей. Менавіта таму мы жадаем паказаць Беларусь з вельмі добрага боку".

Сярод выступоўцаў "Басовішча-2011" таксама ўжо называюць гурты "TT-34", Yellow Brick Road, Port Mone, пераможцы леташняга конкурсу Akute і лаўрэаты Exist-M. Дарэчы, конкурс сёлета таксама будзе адбывацца, а ўдзельнічаць у ім традыцыйна здолеюць толькі беларускамоўныя гурты.

Цікава, што звыклую для "басоў" мясцовую сцэну, арганізатары вырашылі замяніць на новую, якая, паводле словаў Касі больш адпавядае фестывальнаму фармату.

Кася Кузьміч: "Перадусім хочам, каб сёлета "Басовішча" мела сапраўдную вялікую сцэну. Бо да гэтага часу гурты выступалі на такім малым кавалку бетону. Хочам, каб такога больш не было, каб была нармальная сцэна, якую маюць усе іншыя еўрапейскія фестывалі".

Апроч музыкі наведвальнікам будуць прапанаваныя розныя майстар-класы, ды сустрэчы з цікавымі людзмі.

Кася Кузьміч: "Альбо перад канцэртамі, альбо ў час канцэртаў плануем майстар-класы, на якіх людзі змогуць зрабіць нешта крэатыўнае, альбо нешта для сябе. Апрача таго плануем сустрэчы з людзьмі культуры, з музыкамі, будуць праекцыі фільмаў. Таксама плануецца спецыяльны перформанс з выкарыстаннем здымкаў вядомага беларускага фатографа, але пра гэта яшчэ не буду шмат казаць".

Па словах Касі, намётавае мястэчка ў гэтым годзе застанецца на тым жа месцы, што і ў мінулым. Гэта на адлегласці каля двухсот метраў ад ужо звыклай фестывальнай пляцоўкі для намётаў. Але арганізатары плануць яго яшчэ больш пашырыць ды дадаць яму, так бы мовіць, утульнасці.

Кася Кузьміч: "Гэта зусім недалёка, і я думаю больш камфортна, чым на шышках за сцэнай і на малой прасторы. Там нашмат больш месца, і яно будзе павялічвацца. Так што там будзе даволі прыстойна жыць. У гэтым годзе плануецца, каб у намётавым гарадку была нейкая музыка, электрычнасць там ёсць заўсёды, дакладна будуць прыбіральні. Калі казаць пра душы, то мы пастараемся зрабіць, каб было шмат вады і каб кожны мог ёй карыстацца. Абанемент на карыстанне намётавым мястэчкам будзе каштаваць 20 злотых (прыблізна 7 долараў), і гэта на тры дні фестывалю".

Уваход на сам фестываль будзе традыцыйна бясплатны, таму аплочанае карыстанне намётавым мястэчкам будзе гарантаваць атрыманне бясплатнай нацыянальнай візы. На такі крок арганізатары пайшлі, каб паменшыць колькасць людзей, што звяртаюцца за візай, але не едуць на сам фэст.

Кася Кузьміч: "Магу сказаць, што хутчэй за ўсё, кожная асоба, якая пажадае прыехаць на "Басовішча", атрымае бясплатную візу на час фестывалю. Але таксама мы хочам абмеважаць гэтую колькасць людзей, каб не было такога, што хтосьці робіць сабе візу, але на фестываль не прыяжджае. Жадаючы атрымаць візу мусіць аплаціць або кошт намётавага гарадка, або праезд на аўтобусе да месца фестывалю. І хутчэй за ўсё набор ахвотных на бясплатную візу будзе праводзіцца толькі ў траўні".

З гэтай нагоды Кася параіла ўсім жадаючым сачыць за фестывальнымі навінамі, уся неабходная інфармацыя мусціць з'явіцца яшчэ да пачатку траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі