Сцяпанаў і Дзямагін не згуляюць за Беларусь на чэмпіянаце свету-2013

Пра гэта заявіў галоўны трэнер нацыянальнай хакейнай зборнай Андрэй Скабелка, інфармуе БЕЛТА. Па яго словах, у нападніка Андрэя Сцяпанава ўзніклі праблемы са спінай і яму трэба аднаўляцца. Сяргей Дзямагін спаслаўся на побытавыя праблемы.

Раней таксама паведамлялася, што чэмпіянат свету-2013, хутчэй за ўсё, прапусціць і беларускі галкіпер Віталь Коваль. Яму нядаўна зрабілі аперацыю на пахвіне.

Нагадаем, што чэмпіянат свету-2013 пройдзе з 3 па 19 траўня ў Стакгольме і Хельсінкі. Сапернікамі беларускай каманды на папярэднім этапе ў сталіцы Швецыі стануць каманды Чэхіі (3 траўня), Славеніі (5 траўня), Швецыі (6 траўня), Канады (10 траўня), Нарвегіі (11 траўня), Даніі (13 траўня), Швейцарыі (14 траўня). У чвэрцьфінал выйдуць чатыры найлепшыя каманды з групы. Найгоршая зборная кожнай з дзвюх груп страціць прапіску ў элітным дывізіёне. Праўда, гэта правіла не датычыць беларусаў: на правах гаспадароў чэмпіянату-2014 яны застрахаваныя ад вылету ў ніжэйшы дывізіён нават у выпадку няўдалага выступу.

Фота — telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі