Сацыял-дэмакраты патрабуюць кампенсаваць беларусам уклады
Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) звяртаюцца да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Яны хочуць, каб тыя прынялі закон “Аб кампенсацыі ўкладаў у беларускіх рублях у сувязі з 180-адсоткавай дэвальвацыяй”.
Намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі патлумачыў: "Грамадзяне Беларусі, атрымаўшы гарантыі ад урада, рабілі свае ўклады ў банкі, чым падтрымалі банкаўскую сістэму і эканоміку краіны. На 14 верасня 2011 года ўклады абясцэніліся ў параўнанні з сакавіком больш, чым на 180%. Таму мы прапануем прыняць на восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў закон, які б гарантаваў кампенсацыю страчаных укладаў".
Зварот будзе таксама накіраваны дэпутатам адпаведных выбарчых акругаў — як ад імя рэгіянальных партыйных арганізацый, так і ад асобных эсдэкаў.