"Разбітае сэрца пацана" вырашылі заняцца мангольскім фолкам

Мінскі трэш-гурт "Разбітае сэрца пацана" працуе над матэрыялам для новага альбома. Па словах лідара гурта Дзяніса Тарасенка, ён будзе кардынальна адрознівацца ад ужо звыклых гучання ды стылістыкі калектыву.

"Мы вырашылі не адставаць ад павеваў беларускай музычнай каньюнктуры, — тлумачыць такія змены Дзяніс. — І максімальна наблізіцца да фолку, пры тым, гэты фолк, хутчэй за ўсё, будзе мангольскі, каб хоць неяк захаваць арыгінальнасць".

Пачуць зусім новыя песні з выкарыстаннем мангольскіх народных інструментаў можна будзе на бліжэйшым вялікім сольным канцэрце гурта ў клубе "Мулен Руж", які пройдзе 14 кастрычніка. На канцэрце плануюцца розныя конкурсы і прызы, але самым эксклюзіўным падарункам, па словах Дзяніса, будзе бутэлька сапраўднага мангольскага кумысу.

"Мы гэтую бутэльку знайшлі, — жартуе Тарасенка. — А калі спатрэбіцца і кумыс, то як-небудзь нацэдзім!"

Квіткі на канцэрт каштуюць ад 50 да 100 тысяч рублёў, пачатак у 18:00.

Фота: another.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі