Пяты дзень суда над Варламавым: на працэс прыйшлі толькі 4 чалавекі

“Калі людзей будзе шмат, то пасяджэнне адбудзецца ў актавай зале”, — сустракаюць ахоўнікі перад пачаткам суда над мадэльерам Сашам Варламавым. Але на пяты дзень адкрытага суда па гучнай справе на працэс прыходзіць... 4 чалавекі.

"Я хацеў некалі ўдзельнічаць у “Млыне моды”. З прэсы даведаўся, што судзяць арганізатара такога масавага праекта. Прыйшоў, каб даведацца сапраўдную прычыну, чаму так адбываецца", — чарнаскуры хлопец не знаёмы асабіста з Варламавым, прыйшоў на суд першы раз.

Яшчэ дзве жанчыны сядзяць разам, адна з іх — сястра Варламава. Відаць, што яны тут пастаянна, на пасяджэнне ўзялі тэрмас. Яны з братам часта пазіраюць адно на аднаго, пакуль дзяржабвінаваўца чытае паказанні з крымінальнай справы.

Паказанні, дарэчы, вельмі разыходзяцца з тым, што Варламаў кажа цяпер. І чаму гэта нікога не здзіўляе?

"Я быў у шоку, калі мяне затрымалі, і часта адказваў на допытах, што не памятаю", — адказвае Варламаў на пытанне, чаму яго сведчанні разыходзяцца, і дадае, што на першым допыце ён дапаўняў пратакол. А потым гэта рабіць не дазвалялі — толькі адказваць на пытанні. Таму, маўляў, і шмат чаго на допытах не расказаў і ўзгадаў толькі цяпер.

"Я ноч не спаў з-за праблем са здароўем і думаў", — выглядае мадэльер сапраўды вельмі стомленым. Калі ўстае з дапамогай кія, то адыходзіць у кут клеткі, каб абаперціся аб сцяну і трымацца за жалезныя пруты. Пастаянна карыстаецца акулярамі. Падчас пасяджэння распакоўвае нейкую таблетку.

Пракурор працягвае чытаць пратаколы першых допытаў, і Варламаў адразу ж пачынае тлумачыць свае паказанні. Пракурор задае пытанні, толькі каб іх унеслі ў пратакол. Варламаў кажа, што даваў гэтыя паказанні ў дзень затрымання, і тады шмат чаго не мог узгадаць. А часу падумаць не меў.

Цяпер ён распавядае пра замежныя паказы, спісы ўдзельнікаў і грошы, якія даваў супрацоўнікам.

“Вы пазычалі, ці гэта заробак у канверце?” — пытаюць яго.

Мадэльер адказвае, што не лічыць гэта заробкам у канверце. І шчыра не разумее, што такое пазыка. Просіць дазволу параіцца з адвакатам: "Пал Палыч, я не магу зразумець, што гэта: пазыка ці не пазыка".

У выніку ўсе сыходзяцца на фармулёўцы “матэрыяльная дапамога”. Далей высвятляюць пытанне сутачных, якія выдавалі ўдзельнікам паказаў. Але ішлі яны, паводле слоў Варламава, на аплату абсталявання, залаў, транспарт ды іншыя расходы, звязаныя з арганізацыяй паказаў. Мадэльер сцвярджае, што ўсе, і ў БДУ ў тым ліку, цудоўна ведалі, на што выдаюцца гэтыя грошы.

Прысутнічае на судзе яшчэ адзін чалавек, звязаны з Варламавым таксама вельмі ўскосна. Кажа, што працаваў у школе, дзе падсудны некалі арандаваў памяшканне. Асабіста яго не ведае, а на суд прыйшоў першы раз з цікаўнасці.

"Раней хадзіў на іншы суд два разы, калі тэрарыстаў судзілі. Я ж пенсіянер, няма чаго рабіць".

Сёння ў Мінску ідзе яшчэ адзін гучны працэс. Судзяць кіроўцу Porsche Cayenne, пад коламі якога загінуў школьнік. За жыццё малога хлопца яму пагражае да 5 гадоў. Шкоду дзяржаве, якую нібыта нанёс Варламаў, ацэньваюць у некалькі разоў "даражэй".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі