Праверыць мяса на антыбіётык каштуе болей за 600 тысяч рублёў

130219_savi4_miasa_0.mp3

“Вы не глядзіце на гэтыя кошты, што на вітрыне, гэта максімальны кошт, а мы можам і танней прадаваць”, — прадаўцы мяса на Камароўскім рынку рэкламуюць тавар: паказваюць, якая прыгожая і свежая выразка, на хаду скідваюць кошты.


На пытанне, ці ёсць у вас сертыфікат, з гатоўнасцю паказваюць маленечкую паперачку.


“Вось і дата, і якасць тушы. І за ўсё мы плацім, і за экспертызу — 35 тысяч за тушу, і за клеймаванне, і за грузчыкаў, за ўсё трэба плаціць!” — наракае прадаўшчыца свініны.


Сертыфікат выдае лабараторыя “Камароўкі” — у дакуменце дата, від мяса, а таксама ўзровень радыяцыі і пазнака аб адсутнасці паразітаў. Пераправерыць якасць мяса можна тут жа — на кірмашы.


“Ёсць прэтэнзіі па мясе — вы прыходзьце да нас, калі памятаеце ў каго куплялі, і мы праверым за кошт прадаўца”.


На радыяцыю ў ветстанцыі на "Камароўцы" правяраюць за 10 тысяч рублёў,  а вось, да прыкладу, на трыхінелёз — за 30 тысяч рублёў. Але каб зрабіць аналіз, трэба многа мяса — язык, дыяфрагма, мінімум 3-4 рэбры.


А вось праверыць ялавічыну вы купляеце ці, да прыкладу, каніну, можна генетычнай экспертызай. На "Камароўцы" пужаюць вялікімі коштамі за даследаванне.


“Гэта генетычная экспертыза, яе інстытут праводзіць і гэта вельмі дорага! Мо паўмільёна, вы за мяса столькі не заплацілі. Праводзяць лабараторыі пры інстытутах. Тры гады назад гэта каштавала 200 тысяч”.


Паўмільёна, каб мне сказалі, што гэта — ялавічына ці каніна?

Але гэта яшчэ што: у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры гігіены болей за 200 відаў розных даследаванняў прадуктаў і тавараў, але большасць з іх робяць для юрыдычных асобаў. Рыбу і мяса тут можна праверыць на антыбіётыкі, паразітарныя захворванні, колькасць акісленняў, у соках — склад вітамінаў, сухі астатак, прымесі. Але ўсё гэта вельмі дорага!


“…больш за мільён. Вельмі дарагія аналізы, кошты па іншых лабараторыях прыкладна аднолькавыя. Дарагое абсталяванне”.


Высокімі коштамі здзіўляюць і ў Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі:


“Усе прадукты, што вам прыдзе ў галаву, правяраем. Поўны аналіз сока — мільён, а вось мяса, што вы купілі на "Камароўцы" — можна праверыць на антыбіётыкі, гэта каштуе каля 600 тысяч рублёў, арганалептычнае даследаванне сока — каля 25 тысяч рублёў, але сок павінен быць закрытым і купленым пажадана ў той жа краме”.


Кошты вельмі розныя. Да прыкладу, калі ваш сок пакаштуюць эксперты, ці арганалептычны аналіз сока, заплаціце 25 тысяч рублёў.


У Таварыстве абароны правоў спажыўцоў пры Мінгандлю кажуць, што зэканоміць можна — падаць скаргу, і тады аналізы будуць праводзіцца за кошт парушальнікаў, калі неадпаведнасці будуць даказаныя. І за ваш кошт, калі гэта якасны тавар.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі