Праваахоўнікі вінавацяць у бабруйскім скандале заўзятараў
І міліцыя, і спецназ апраўдваюць дзеянні сваіх супрацоўнікаў.
Нагадаем, у пятніцу 27 траўня падчас футбольнага матчу "Белшына" — "Дынама" (Мінск) міліцыя ўжыла слезацечны газ супраць фанатаў. У выніку пацярпела, у тым ліку, і пяцігадовае дзіця.
Прэс-сакратар магілёўскай абласной міліцыі Раман Посахаў у каментары "Камсамолцы" заявіў, што бацька сам вінаваты, бо прывёў маленькае дзіця ў фанацкі сектар. А там, кажа міліцыянт, шум, крыкі і ненарматыўная лексіка, якія могуць траўмаваць дзіцячую псіхіку. На думку Посахава, варта забараніць бацькам з дзецьмі назіраць за гульнёй з фанацкага сектара.
Камандзір магілёўскага спецназу, які дзяжурыў на стадыёне, Сяргей Волкаў кажа, што ў Бабруйску было немагчыма абысціся без слезацечнага газу. Каб не дапусціць выхаду ўсіх заўзятараў з сектара на футбольнае поле, заяўляе ён, спецназу давялося ўжыць спецсродак. Але газ, па яго словах, распыляўся па нагах фанатаў, а не ў твар. Да таго ж спецназавец адзначае, што дзіцяці ніхто не бачыў, бо фанаты паўскоквалі і пабеглі да поля.