Польскі стрыт-арт супраць смяротнага пакарання ў Беларусі (фота)

18-19 лютага ў
Варшаве з’явіліся плакаты, якія заклікаюць адмяніць смяротнае пакаранне ў
Беларусі. Акцыю ініцыявала варшаўскае рэкламнае агенцтва DDB Warsaw.

“Было ўражанне захаплення і радасці, што нам удалося
распачаць гэтую акцыю. Акцыя ўвесь час развіваецца, мы атрымоўваем водгукі, і
гэта для нас вельмі прыемна. Будзем старацца папулярызаваць кампанію праз
медыі. Маем падтрымку еўрадэпутатаў. Вельмі хацелі б, каб наш заклік дайшоў да
Брусэля, а не скончыўся толькі ў Варшаве”, —
дзеліцца сваімі ўражаннямі з Еўрарадыё адна з супрацоўніц
агенцтва DDB Warsaw.

Паводле яе слоў, у
самой Польшчы меркаванні адносна смяротнага пакарання падзяляюцца: хтосьці
падтрымлівае такую меру пакарання, а хтосьці яе асуджае. Але падчас расклейкі
плакатаў актывісты не заўважылі негатыўнай рэакцыі з боку мінакоў .

Супрацоўніца DDB Warsaw: “Мінакі былі
заінтрыгаваныя. Пыталіся, чаму прысвечана акцыя. Некаторыя спыняліся,
размаўлялі з намі на гэтую тэму. Не сустрэлі ніводнай негатыўнай рэыакцыі.
Звычайна людзі праяўлялі цікавасць”.


Плакат стварылі
вулічныя мастакі з Варшавы. Гэтыя плакаты расклейваліся ў спецыяльных
дазволеных месцах. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці магчыма такое ў Беларусі.

“У нас гэта ўсё адбываецца нелегальна. І жывуць
трафарэты, постэры ці графіці зусім нядоўга. Можа нават 2 гадзіны ці менш.
Залежыць ад месца і ад выявы. У асноўным, ЖКГ ставіць на малюнках і выявах
звычайныя квадраты”
, — распавядае
Еўрарадыё вулічны мастак з Мінска Яўген.

Яўген
кажа, што часам атрымоўваецца дамовіцца з адміністрацыямі раёнаў і пад выглядам
добраўпарадкавання “легальна” памаляваць на мінскіх вуліцах. Праўда, сацыяльныя
ці палітычныя тэмы лепш не закранаць.

Яўген: “Увесну рабілі разам з ЖКГ, распісвалі
некалькі фасадаў і будак. Мы прапаноўвалі свае эскізы, адміністрацыя
зацвярджала, выдзяляла нам фарбу і мы на працягу месяца ці двух малявалі. Мы
былі задаволеныя як мастакі, як адміністрацыя, так і жыхары раёна”.

Спампаваць шаблон
плаката і далучыцца да ініцыятывы “Вызваліць
Беларусь ад смяротнага пакарання”
можна праз інтэрнэт-старонку кампаніі.

Фота: bialorus.hostit.pl