Павышанай стыпендыі хопіць толькі на 24 абеды

111028 Rugajn Stud.mp3

З першага лістапада указам прэзідэнта ўсім студэнтам даюць даплату да стыпендыі ў 65 працэнтаў. А з першага кастрычніка сама стыпендыя вырасла на 28 працэнтаў. Усяго студэнты ў лістападзе атрымаюць у 2 разы больш, чым у верасні.
Калі ў верасні студэнт БНТУ атрымоўваў 171 тысячу рублёў, то цяпер атрымае 361 тысячу.


"Мінімальная стыпендыя — 171 тысяча, 274 — максімальная. Павышэнне было з 1 кастрычніка: 218 тысяч — мінімальная і 350 — максімальная стыпендыя. А з 1 лістапада да стыпендыі указам прэзідэнта будзе надбаўка 65 працэнтаў ад іх стыпендыі", — распавядаюць у бухгалтэрыі універсітэта.


Цяпер самыя лепшыя студэнты атрымаюць 577 тысяч рублёў, а стандартная стыпендыя будзе 361 тысяча. Такое павышэнне чакае таксама і навучэнцаў сярэднеспецыяльных установаў. Аспіранты і дактаранты атрымаюць толькі 30 працэнтаў.


Стыпендыя вырасла ўдвая, а долар утрая, як і кошты на многія прадукты. Еўрарадыё вырашыла падлічыць, колькі разоў можна паабедаць на мінімальную стыпендыю.


"Прыкладна 15 тысяч”, — расказвае студэнт БДУ на выхадзе са сталовай і пералічвае тое, што толькі што з’еў: “Суп, пюрэ, нейкая рыбная катлета, булачка, какава". 


"Прыблізна ад 10 да 12 тысяч. Але гэта мінімум, — дадае другі студэнт. — Вось сёння 12500, два салаты ўзяў з капусты, катлету і пюрэ. Бюджэтненька ўсё вельмі".


Студэнт БДУІР Станіслаў траціць на ежу трохі больш. За адзін абед атрымоўваецца каля 20 тысяч.


"Я, прыблізна, 20 тысяч пакідаю. 6 тысяч — катлета, гарнір нейкі, булка і кампот. Суп асабліва не ем, таму бяру проста дзве катлеты замест супу. Калі ўзяць два філе, якое каштуе 7800, то выходзіць 25 тысяч. Але філе проста даражэй, чым катлеты. Максімум — 25, у сярэднім — 20 тысяч".


Мы вырашылі праверыць на сабе і накіраваліся ў сталоўку на вуліцы Кастрычніцкай, якая ў студэнцкія гады лічылася адной з лепшых і недарагіх.


Узяў стандартны набор, каб потым параўнаць з абедзенным меню ў кавярні. За салат, суп, пюрэ, катлету выклаў 15 тысяч. Праўда, да мяне нехта закупіўся на 21 тысячу. Але будзем лічыць, што студэнты з мінімальнай стыпендыяй не шыкуюць і палічым абед па 15 тысяч. За мінімалку можна будзе паабедаць 24 дні і яна скончыцца. А вось на ежу па выхадных, ці на сняданак і вячэру ўжо не хопіць.


Праўда, Указ прэзідэнта дазваляе Саўміну прыбіраць надбаўку 65% у будучыні. Калі так зрабіць, то стыпендыі хопіць толькі на 14 абедаў.


Але самае цікавае, што замест сталоўкі можна есці абедзеннае меню ў кавярні. Напрыклад, у рэстаранчыку на Маркса за недарагі абед з салатам, супам, другім і хлебам я аддаў каля 20 тысяч. Пры гэтым кожны дзясяты абед — бясплатны, таму сярэдні кошт выходзіць 18 тысяч, на тры даражэй за сталоўку.


Але за гэтыя 3 тысячы ў кавярні вас абслугоўваюць, суп падаюць гарачым, салат свежым, хлеб мяккім і не даводзіцца есці алюмініевымі лыжкамі і без нажа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі