Памілаваных вызваляюць па ўказах, якіх ніхто не бачыў

110906 Luka6uk Pomilovanie.mp3

Днямі кіраўнік краіны падпісаў чарговы ўказ аб памілаванні і на свабоду вышлі яшчэ чатыры вязні, асуджаныя за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску. Вось толькі поўнага тэксту прэзідэнцкага ўказа Еўрарадыё так нідзе і не знайшло. Яго не друкавалі дзяржаўныя газеты, як гэта звычайна робіцца, няма яго ні на сайце прэзідэнта, ні на старонцы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

Намеснік старшыні Камісіі па памілаванні, старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў Уладзімір Бойка кажа, што такія ўказы публікаваць цалкам не абавязкова.

Уладзімір Бойка: “Галоўнае, што людзі выйшлі – гэта ж галоўнае! Прамыя ўказы, якія персанальна асоб тычацца, яны не заўсёды і публікуюцца. Галоўнае, што паведамілі. Паведамілі ж! І прэзідэнт пра гэта паведаміў – інфармацыя да народа дайшла. Таму яны могуць і не публікавацца. Але я мяркую, што іх апублікуюць”.

Але, як заўважыла Еўрарадыё, пачынаючы з 2002 года ніводзін з указаў кіраўніка краіны аб памілаванні не публікаваўся цалкам. Апошнім Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі выклаў указ аб памілаванні Анжэла Піў -- італьянскага шпіёна, асуджанага ў 2001 годзе на 4,5 года калоніі строгага рэжыму.

Па словах супрацоўніцы Нацыянальнага цэнтра, указы аб памілаванні да іх на рэгістрацыю не паступаюць. І нават самі супрацоўнікі дакладна не ведаюць, дзе іх можна знайсці, каб прачытаць цалкам.

Супрацоўніца Цэнтра: “У адпаведнасці з законам “Аб нарматыўна-прававых актах” яны адносяцца да ненарматыўных дакументаў. Гэтыя ўказы індывідуальнага характару, да прыкладу – памілаваць Іванова, з’яўляюцца ненарматыўнымі, таму да нас на рэгістрацыю яны не паступаюць і ў нашу базу не заносяцца. Мы тут зараз даведваемся і, можа быць, падкажам – дзе з імі можна азнаёміцца. Калі можна ўвогуле дзесьці”.

Юрыст Гары Паганяйла таксама заўважыў, што прэзідэнцкія ўказы аб памілаванні ўжо даволі даўно перасталі публікаваць. Сцвярджае, што гэта робіцца спецыяльна.

Гары Паганяйла: “Працэдура такая, што за памілаваннем неабходна звярнуцца асобе, якая прызнае сябе вінаватай. Каго можна мілаваць? Таго, хто здзейсніў злачынства і раскайваецца, а не таго, хто не здзяйсняў, і не прызнае сябе вінаватым. Я не выключаю, што большасць удзельнікаў гэтых падзей у судах сябе вінаватымі не прызнавалі. Як па фактах дзеянняў, у якіх іх абвінавацілі, так і па кваліфікацыі злачынства. Некаторыя з іх, магчыма, і пісалі заяву аб памілаванні, але гэта магло рабіцца пад ціскам. У ім яны не краналі пытанні сваёй вінаватасці і не казалі пра сваю невінаватасць. А проста, калі ёсць такая працэдура, звярнуліся: “Памілуйце, радзі Бога!” І ўсё”.

Юрыст кажа, што прэзідэнцкі ўказ не мусіць з’яўляцца ніадкуль. Найперш, асуджаны піша прашэнне аб памілаванні. Потым гэта прашэнне разглядае Камісія аб памілаванні і выносіць свае рэкамендацыі – можна гэтага чалавека, на іх погляд, памілаваць ці пакуль не варта. І на падставе гэтага заключэння кіраўнік краіны падпісвае адпаведны ўказ.

Гары Паганяйла ўзгадаў гісторыю з памілаваннем Аляксандра Казуліна, экс-кандыдата ў прэзідэнты. Той ніякага прашэння на імя кіраўніка краіны не пісаў, але быў вызвалены ўказам аб памілаванні. Які, дарэчы, так нідзе і не быў надрукаваны і якога ніхто не бачыў. Нават сам Казулін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі