Памежнікі: Калі Расія не прайшла ў чвэрцьфінал — уздыхнулі свабодна

“Нелегалы актыўна штурмавалі ў гэты перыяд зялёную мяжу. Можна казаць пра паўтара дзясяткі. Гэта ў асноўным у польскім напрамку. Гэта і афра-азіяцкі рэгіён, каўказцы, афганцы. У абыход пунктаў пропуску”, — расказвае Еўрарадыё прэс-сакратар Памежнага камітэта Аляксандр  Цішчанка.

Значыць, беглі праз польскую мяжу. Цікава, навошта тады на польскім участку мяжы перад чэмпіянатам скарацілі цэлую заставу, дзе нелегалы, наадварот, былі?

Нагадаем, перад чэмпіянатам Еўропы па футболе Аляксандр Лукашэнка вырашыў перакінуць частку памежных сілаў краіны на ўкраінскую мяжу. У выніку на мяжы з еўрапейскімі краінамі ахоўнікаў стала менш.

“Скарацілі адну заставу на польскім напрамку і перавялі на паўднёвы ўчастак, стварылі там дзве мабільныя заставы. Паўднёвы напрамак быў заўжды менш закрыты. На польскім напрамку заўжды падраздзяленняў было ўтрая больш. Таму тут усё апраўдана”, — супакойвае Аляксандр Цішчанка.

І цяпер мабільныя заставы ловяць на мяжы з Украінай узброеных фанатаў. Тыя вязуць на футбол пнеўматыку і “траўму”.

“Перыядычна на ўкраінскім напрамку спрабуюць правезці пнеўматычную зброю, некалькі яе адзінак было. Вось учора затрымалі расіяніна. Але невядома, заўзятар гэта ці не”, — тлумачыць прэс-сакратар.

Ва Украіну нелегалы не едуць: за час чэмпіянату іх, наадварот, стала менш. А памежнікі ўздыхаюць свабодна, бо Расія да чвэрцьфіналу не дайшла.

“Зборная Расіі не выйшла ў чвэрцьфінал і мы выдыхнулі, бо наплыву заўзятараў як не было, так і не будзе. Так што яны калі і прыедуць, то балець за іспанцаў ці партугальцаў, але моцнага наплыву не будзе”, — расказваюць у Гомельскай памежнай групе.

Ніводнага нелегала з беларускага боку не злавілі і ўкраінскія памежнікі.

“З пачатку года ніводнага нелегала з Беларусі”, — запэўнівае афіцэр памежнай службы Украіны Сяргей Астахаў.

А вось у палякаў перабежчыкаў стала больш. За тры месяцы 740 нелегалаў на ўсіх памежных пераходах. На думку палякаў, бягуць, бо… надвор’е добрае. І з футболам гэта ніяк не звязана.

"Казаць пра павелічэнне нелегальных мігрантаў падчас уласна чэмпіянату не даводзіцца. Відавочны невялікі рост затрыманняў на працягу апошніх 70 дзён. Але з нашага аналізу вынікае, што гэта хіба тлумачыцца надвор'ем і атмасферным фактарам, а не правядзеннем Еўра", — расказвае прэс-сакратар памежнай службы Польшчы Марыюш Скшынскі.

Асноўная частка нелегалаў — украінцы, але былі таксама расіяне, беларусы і в’етнамцы, расказваюць у Польскай памежнай службе. Атрымліваецца, ад перакідвання сілаў што на польскай мяжы, што на ўкраінскай нічога не змянілася.

Фота: news.vitebsk.cc

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі