“Паколькі ўжо мы ўсе сядзім у адной камеры, дык давайце зробім вечарынку!”

121218_ma6a_nemcy.mp3

Каб зразумець, што такое загадкавая краіна Беларусь і якая яна, музыка Беларусі, Мінск наведалі тры неабыякавыя немцы. Цім Рэнэр — прадзюсар і кіраўнік буйнога нямецкага лэйбла Motor, Штэфан Райхман — арганізатар вядомага малога еўрапейскага фэсту — “Haldern Pop і Алан Бэнгс — тэле- і радыё-журналіст. Пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ нямецкія адмыслоўцы разам з датычнымі да музыкі беларусамі правялі міні-канферэнцыю.

У межах яе працавалі тры групы. Першая вывучала досвед правядзення фэсту Haldern Pop, які хутка адзначыць сваё 30-годдзе. Яго фішка ў тым, што ён праводзіцца ў невялікім гарадку недалёка ад Манхайма, збірае пад сваім дахам 7 тысяч гледачоў (квіткі каштуюць па 99 еўра) і хэдлайнераў кшталту Keiser Chifеs ды Franz Ferdinand, мае гадавы прыбытак у 750 тысяч еўра і прадае квіткі за паўгода без абвяшчэння лайн-апу.

Штэфан Райхман

 

Ілля Маліноўскі і Ўладзімір Шаблінскі

“Тыя прынцыпы сацыяльнай камунікацыі, якія мы спрабуем скласці ў гэтай краіне, думаючы, што яны ўнікальныя, як апынулася, рэалізаваныя даўным-даўно, існуюць цягам дзесяцігоддзяў і, больш таго, яны жыццяздольныя, — падвёў вынікі працы групы арганізатар канцэртаў Уладзімір Шаблінскі. — У людзей атрымліваецца балансаваць на разумнай мяжы камерцыялізацыі фэсту і духоўнага развіцця асобы і асабістых правоў і свабод — свабоды гледача, музыкі і арганізатара, які, арганізуючы фэст, таксама самарэалізоўваецца. Для мяне было вельмі важна, што гэты прыклад існуе, і што мы ідзем у правільным кірунку”.

Алан Бэнгс


Другая група на чале з англічанінам Аланам Бэнгсам, які ўжо 40 гадоў жыве ў Германіі, спрабавала вызначыць актуальныя шляхі беларускай музычнай журналістыкі. Сярод іх — вяртанне ў эфіры радыё аўтарскіх перадач з дапамогай журналісцкіх агенцтваў, якія будуць займацца іх стварэннем, адмова ад рэйтынгавасці матэрыялаў, імкненне да павышэння іх якасці. Парадамі, абазначанымі падчас сустрэчы, дзеліцца каардынатар праекту і журналістка Ганна Трубачова:

Ганна Трубачова

“Мы прыйшлі да высновы, што ў музычнай журналістыцы лепш звярнуцца па інтэрв’ю да музыкі без нагоды: інфармацыйная нагода — гэта заўсёды зніжэнне якасці матэрыялу. Тое тычыцца і сенсацыйнасці — чым менш у гэтым “ваў”, тым большая якасць матэрыялу. Да таго ж, трэба не баяцца быць правакацыйным, памятаць, што ты эквівалентны той зорцы, з якой ты размаўляеш у дадзены момант, і прапаноўваць чытачу і слухачу болей, чым ён хоча і патрабуе”.

Алег Хаменка 

 

Трыа Акана пазнаёміла нямецкіх гасцей з беларускім фальклорам


Самую складаную задачу перад беларускімі культурнымі людзьмі паставіў прадзюсар Цім Рэнэр. Ён проста папрасіў даць адказ на пытанне “хто мы ёсць, беларусы?” Высветлілалася, што з самавызначэннем у нас не ўсё ў парадку.

Цім Рэнэр: “Для мяне было вельмі цікава тое, што вы ўсё яшчэ змагаецеся са сваёй ідэнтычнасцю. Для вас яна яшчэ не вызначаная. Але я хачу сказаць, што гэта абсалютна ключавы момант для вас. Пакуль вы не знойдзеце для сябе вызначэнне, вы не зможаце рабіць далейшыя крокі. Я бачу, што вы, па-першае, гэтага вельмі хочаце, што важна, і па-другое, што вы маеце гэты шанец”.

Цім Рэнэр


Праслухаўшы прапанаваныя музычныя прыклады (творы “Ляпіса Трубяцкога, “Серебряной Свадьбы”, “Троіцы”, “Палаца”, “Аканы”, “Шумы”, Akute, The Toobes), прадзюсар назваў іх “добрымі спробамі для далейшых крокаў”. А крокі для беларускай музыкі Цім бачыць у наступным: стварыць прадукт, які зацікавіць нямецкую публіку, у прыватнасці. Ім можа стаць, напрыклад, спалучэнне народных спеваў з электроннымі бітамі. Па-другое, Рэнэр раіць паспрабаваць прапанаваць сваю музыку лэйблам Германіі і Швейцарыі, а таксама пераняць досвед Ісландыі і Бразіліі, чыя музычная сітуацыя некалі нагадвала нашу. Да таго ж, думка, якая лейтматывам прайшла праз вынікі працы трох груп — аб’яднанне людзей, якія працуюць на карысць развіцця беларускай музыкі. Цім Рэнэр, які аднойчы запусціў у свет механізм пад назвай Rammstein, падсумаваў сказанае фразай музыкаў з гэтай каманды, калі яны толькі пачыналі: “Паколькі ўжо мы ўсе сядзім у адной камеры, то давайце зробім вечарынку!”


Фота: www.budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі