Падчас арышту Канавалава спецназ памыліўся і ўварваўся... да суседзяў

"Адразу памылкова яны пазванілі ў 51-ю кватэру. Суседзі адчынілі, іх паклалі на падлогу ўсіх, а потым разабраліся, спыталі, дзе кватаранты жывуць. Суседзі кажуць, што ў 50-й. Чым яны там ударылі, але дзверы вылецелі адразу. Дом акружылі з сабакамі, каб не скокнулі з вокнаў".

Васіль Веліч — гаспадар кватэры, дзе жыў расстраляны за тэрарызм Дзмітрый Канавалаў — паказвае на новыя дзверы. Старыя выбілі так, што выламаліся адразу тры замкі.

Гаспадар кватэры злуецца на рыэлтарскую фірму "АрмірА" за тое, што яго падманулі, а цяпер хаваюцца і не хочуць пакрываць расходы на рамонт.

Як даведалася Еўрарадыё, яшчэ ў траўні 2010 года Васіль Веліч здаў на год кватэру грамадзяніну Чарвякову, а той праз фірму "АрмірА" здаваў яе... на суткі.

"Ён (Чарвякоў - Еўрарадыё) прыйшоў на кватэру з жанчынай. Сказаў, што яго грамадзянская жонка. Мы ўсё аформілі. Я плаціў штомесяц 2 базавыя, так працягвалася год. Я думаў проста так здаваць. Але потым мяне нешта стала хваляваць. А раптам ён некага залье і да мяне будуць прэтэнзіі, таму вырашыў здаць законна. Разлічваўся ён ў час. Першы месяц я прыйшоў на кватэру, а потым ён сказаў, што яму там сустракацца нязручна. Карацей ён не хацеў, каб я там з'яўляўся".

Васіль Уладзіміравіч атрымаў адказ ад падатковай, маўляў, грамадзянін Чарвякоў кватэру на суткі... не здаваў, а жыў сам. Але з матэрыялаў суда вядома, што Канавалаў арандаваў гэтую кватэру праз фірму. І дырэктар фірмы, і Чарвякоў адмаўляюць сувязь паміж сабой.

"Зараз у мяне там ляжыць кілаграм 40 бялізны. Яны прывалаклі туды ложак, каб больш людзей можна сяліць", — скардзіцца гаспадар. Уся бялізна, дарэчы, пранумараваная, як у інтэрнаце. Па словах суседзяў, за гэты год у кватэры жыло шмат людзей, штотыдзень яны змяняліся. Апошнім праз фірму "АрмірА" зняў гэтую кватэру Канавалаў.

Васіль Веліч здаваў кватэру па дамове за 270 долараў. ЧУП "АрмірА" працуе далей, па абвестках у газеце мы знайшлі ад іх прапанову на суткі ад 15 да 30 долараў.

Праверка па гэтай справе ў падатковай яшчэ працягваецца. А пакуль гаспадар кватэры зрабіў рамонт за свой кошт. Кватэру хацеў прадаць, але пасля рамонту адмовіўся ад гэтай ідэі.

"Мне было агідна, што яны там рабілі! Я не ведаю, хлопцы, што там смажылі, што варылі. Выцяжка была забітая цалкам!"

У працягу чытайце пра следчыя эксперыменты з Канавалавым і глядзіце фота шырмы, за якой стаяла бомба.

На шафу павесілі замок, каб захоўваць запас бялізны і туды не мелі доступа часовыя жыхары

Васіль Уладзіміравіч паказвае патэльню, якую адчысціў толькі шліфавальным дыскам